“Вырашыў стаць байцом…” Каліноўцы адказваюць на пытанні патэнцыйных навабранцаў

Кожны месяц у тэлеграм-канале палка Кастуся Каліноўскага з’яўляюцца вiдэа-паведамленні, у якіх каліноўцы адказваюць на пытанні беларусаў ды грамадзян іншых краін, якія мараць абараняць Украіну падчас вайны.

Еўрарадыё сабрала іх у адзіны тэкст, каб кожны патэнцыйны навабранец разумеў, чаму ягоная заяўка разглядаецца так доўга, што чакае на фронце і як падтрымаць блізкіх, калі заяўку ўсё ж ухваляць.


“Вырашыў стаць байцом палка, але пры гэтым разумею, што на маім утрыманні сям’я. Як яны будуць існаваць без майго заробку?”

Падкрэслім: усе без выключэння байцы палка Кастуся Каліноўскага падпісваюць кантракт з Узброенымі сіламі Украіны. Гэта гарантуе ім штомесячны заробак. Існуюць бяспечныя спосабы падтрымаць сям’ю, якая засталася ў Беларусі. Майце на ўвазе, што кантракт не заключаецца ў першы дзень прыбыцця навабранца ў полк. Спачатку навабранец залічваецца ў вучэбную роту, дзе на працягу месяца праходзіць курс неабходнай падрыхтоўкі. Увесь гэты час навабранец знаходзіцца на поўным забеспячэнні, але заробак пачынае налічвацца пасля заключэння кантракта.


“Што рабіць, калі пасля звароту ў чат-бот, анкетавання і адпраўкі дакументаў працэс верыфікацыі зацягваецца? Дзесяць дзён прайшлі, але адказу пакуль няма”.

Працэс верыфікацыі кандыдатаў у полк Кастуся Каліноўскага ў кожным канкрэтным выпадку праходзіць па-рознаму. У асобных выпадках ён патрабуе большай колькасці часу. Дзесяць дзён — гэта агульная лічба. Звяртаем увагу, што час разгляду можа зацягвацца з-за вялікай колькасці заявак, але мы робім усё магчымае, каб паскорыць гэту працэдуру. Калі з вамі доўга не звязваюцца, высветліць сітуацыю вы можаце, нагадаўшы аб сябе ў чат-бот. Не хвалюйцеся: бяспека кожнага кандыдата для нас у прыярытэце.

У палку Кастуся Каліноўскага / @belwarriors

“Навабранцы, якія паспяхова прайшлі верыфікацыю і рыхтуюцца да прыбыцця ў полк, пытаюцца: ці варта самастойна набыць для сябе нешта з экіпіроўкі?”

Экіпіроўку добраахвотнікаў цалкам бярэ на сябе полк. Набываць штосьці самастойна не патрэбна. Калі вы ўсё ж вырашылі набыць сабе нешта з вайсковай амуніцыі, найлепшым выбарам, на наш погляд, будзе якасны тактычны абутак. Яшчэ адна пара берцаў ніколі не была лішняй для вайскоўца. 


“Ці можа грамадзянін Украіны альбо замежнік (не беларус) стаць байцом палка Каліноўскага?”

Калі грамадзянін Украіны ці іншы замежнік з’яўляецца спецыялістам выключна высокага ўзроўню, ён мае ўсе шанцы апынуцца ў шэрагах палка Каліноўскага. Для гэтага трэба напісаць у наш чат-бот і абавязкова паведаміць аб наяўнасці спецыяльнай падрыхтоўкі, аб узроўні вайсковай падрыхтоўкі, аб сваім баявым досведзе. 

Беларусы з украінскімі пашпартамі таксама могуць стаць байцамі палка. Пасля падачы заяўкі ў чат-бот і ўзгаднення вашай кандыдатуры мы зробім усё, што ад нас залежыць, каб вы як мага хутчэй сталі ў нашы шэрагі. 

Для іншых замежнікаў, якія мараць абараняць Украіну ад расійскай агрэсіі, паведамляем: у лютым 2022 года ўрад па просьбе прэзідэнта Зяленскага стварыў добраахвотніцкае вайсковае падраздзяленне — Інтэрнацыянальны легіён тэрытарыяльнай абароны Украіны. Гэта ваеннае фармаванне для добраахвотнікаў-замежнікаў. Каб уступіць у шэрагі легіёна, неабходна звярнуцца ў амбасаду Украіны ў сваёй дзяржаве, дзе вам прапануюць алгарытм далейшых дзеянняў.  


“Калі са мной нешта здарыцца падчас баявых дзеянняў, як пра гэта даведаюцца мае блізкія?”

Кожны баец палка Каліноўскага пасля падпісання кантракта становіцца вайскоўцам Узброеных сіл Украіны. Вайскоўцы ў абавязковым парадку пакідаюць кантакты тых людзей, каму яны лічаць неабходным паведаміць інфармацыю пра іх. Гэта могуць быць як сваякі, так і іншыя асобы, якіх указвае вайсковец”.


Даслаць свае пытанні ў прэс-службу палка Кастуся Каліноўскага можна праз тэлеграм-канал @PressBelWar і чат-бот @BelarusAndUkraineBot. Рэдакцыя нагадвае, што рэжым Лукашэнкі адносіць дзейнасць беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне ці любой іншай краіне да наёмніцтва, якое ў Беларусі лічыцца крымінальным злачынствам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.