Вынесеныя прысуды гомельскім праваабаронцам Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы

Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца / spring96.org​

Праваабаронцу Леаніда Судаленку прысудзілі да 3 гадоў калоніі агульнага рэжыму, яго калегу Таццяну Ласіцу — да 2,5 гадоў калоніі, паведамляюць праваабаронцы.

Прысуд быў вынесены ў сераду ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля.

Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіцу затрымалі ў студзені. Іх абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК).

Судаленку прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся. Раней у сваіх лістах ён расказваў, якія "эпізоды" фігуруюць у ягонай крымінальнай справе. Яму ставілі ў віну тое, што ён прывёз дровы дзецям, бацьку якіх пасля асудзілі за "беспарадкі", а таксама тое, што ён аплачваў штрафы і адвакатаў пацярпелым ад рэпрэсій.

Разам з Леанідам Судаленкам і Таццянай Ласіцай па справе праходзіла таксама валанцёрка "Вясны" Марыя Тарасенка, але перад абвяшчэннем прысуду яна змагла з'ехаць з Беларусі — ёй пагражала 2,5 года калоніі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.