Місіс свету пра канкурэнтак: Была прадстаўніца Філіпін, у якой 5 дзяцей…

У шэрую раніцу чацвярга 20 лістапада беларусаў сагрэлі навіной, што наша прадстаўніца Марына Аляксейчык перамагла на конкурсе “Місіс свету-2014”.

Не паспела жанчына пакрасавацца з каронай, як ёй патэлефанавалі былыя калегі з расійскай тэлерадыёкампаніі “Звязда”, якая сёння ў асноўным вядомая актыўнай медыйнай падтрымкай “апалчэнцаў” на Данбасе. Аказалася, Марына працавала там вядучай у 2007 годзе. “Місіс свету” сказала, што калі яе паклічуць назад, то яна прыме прапанову. Таксама Марына Аляксейчык раскрыла нюансы конкурсу прыгажосці і апісала сваіх канкурэнтак.

“Конкурс праходзіў вельмі добра. Гэта надзвычайная, цудоўна, добрая атмасфера, якая, напэўна, рэдка бывае на мерапрыемствах такога кшталту, ― задаволена распісвае прыгажуня. ― Таму што ўдзельнічалі ў конкурсе жанчыны замужнія, якія маюць дзяцей, і не аднаго. Была прадстаўніца Філіпін, у якой пяцёра дзяцей, у дзяўчыны з Мексікі таксама пяцёра дзяцей. Таму ўсе вельмі добрыя, прыемныя, я атрымала задавальненне. А перамога — гэта вялікае свята для мяне і для маёй сям’і. Я вельмі шчаслівая, што мне ўдалося перамагчы”.

Перамога Марыны Аляксейчык на конкурсе “Місіс свету-2014” выклікала ў тым ліку і іранічныя абмеркаванні. Не, у прыгажосці беларускай прадстаўніцы ніхто не сумняваецца. Проста ў расійскіх СМІ раней яе называлі то “сібірачкай”, то “тамічкай”. Раней яна ўдзельнічала у расійскіх конкурсах прыгажосці і працяглы час Марына спрабавала сябе на расійскіх каналах у Маскве.

Таксама па сеціве гуляе фотаздымак Аляксейчык з конкурсу “Міс свету-2014”, дзе яна красуецца у традыцыйным рускім какошніку. А ў Нацыянальнай школе прыгажосці Беларусі пра варыянт конкурсу “Місіс свету”, дзе перамагла Марына, нічога не ведаюць.

Марына Аляксейчык пазіруе крайняй злева

Таму выходзім на Веру Алмаеву, якая некалі ў Томску выкладала Марыне Аляксейчык сацыяльныя, псіхалагічныя і прадзюсарскія дысцыпліны на гуманітарным факультэце ТУСУР (Томскага дзяржаўнага ўніверсітэта сістэм упраўлення і радыёэлектронікі). Вера Уладзіміраўна валодае цэнтрам “ARS-Альянс”, які займаецца арганізацыяй забаўляльных мерапрыемстваў і рыхтуе томскіх дзяўчат на конкурсы прыгажосці.

“Бацькі ў Марыны беларусы, жылі ў Беларусі. Але вымушаныя былі з’ехаць у ранняй яе маладосці, ― распавядае Вера Алмаева. ― Яна школу, па-мойму, дзесьці ў Краснаярскім краі заканчвала. Вышэйшую адукацыю атрымлівала ў Томску. Але ўжо 10 гадоў яе тут няма. У Маскве яна мела прадзюсарскі цэнтр. Цяпер жа яна знаходзіцца ў Нью-Ёрку, але вылятае ў Маямі. Там ― дабрачынная акцыя. А што тычыцца паходжання, то і па крыві, і па геаграфіі яна беларуска”.

Да нараджэння сына (Данііла) Марына Аляксейчык рабілася фіналісткай расійскага адбору на конкурс “Міс Расіі” і займала, так бы мовіць, прызавое месца на расійскім адборы “Міс Сусвет”. Таксама Аляксейчык была Другой Віцэ-міс на спаборніцтвах красуняў “Міс турызм свету”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі