Вярхоўны суд ліквідаваў Аб'яднаную грамадзянскую партыю
![У офісе АГП / з архіва facebook.com/unitedcivilparty](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/ogp_15_08.jpg.webp?itok=RaFytgTu)
У офісе АГП / з архіва facebook.com/unitedcivilparty
Вярхоўны суд задаволіў іск Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі, піша расійскі "Спутник". АГП стала сёмай партыяй, ліквідаванай у Беларусі сёлета. Знішчэнне партый пачалося пасля ўваходжання ў сілу абноўленага закона, які тычыцца пытанняў "дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў". Дакумент прадпісваў партыям прайсці перарэгістрацыю. Пры гэтым сярод дакументаў, якія трэба было падаць у Мінюст, павінен быў быць спіс сябраў партыі з падрабязнай інфармацыяй пра іх. Ва ўмовах рэпрэсій, якія працягваюцца ў Беларусі, многія партыі палічылі, што гэта небяспечна для людзей, і нават не сталі падаваць дакументы на перарэгістрацыю.
Нагадаем, лідар АГП Мікалай Казлоў знаходзіцца ў калоніі. У лістападзе 2022-га Казлоў быў асуджаны на 2,5 года зняволення за ўдзел у пратэстах. Перад гэтым ён тры месяцы знаходзіўся пад арыштам.
Учора суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі Партыі БНФ. А да гэтага былі ліквідаваныя Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ, Беларуская партыя "Зялёныя" і шэраг іншых.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.