Вы ў спісе Інтэрпола — што рабіць? Абмяркоўваем з адвакатам

Ці лёгка пераканаць Інтэрпол вас знайсці?
Ці лёгка пераканаць Інтэрпол вас знайсці?

Інтэрпол звычайна пераправярае запыты з Беларусі, калі ёсць падазрэнні, што чалавека пераследуюць па палітычных матывах, кажа экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі адвакат Алесь Міхалевіч. Але што рабіць, калі вы ўсё ж трапілі ў базу Інтэрпола, як беларус Макарый Малахоўскі, які выехаў у Польшчу.

Малахоўскага затрымалі ў Варшаве па запыце Інтэрпола. У Беларусі ў дачыненні да яго заведзена крымінальная справа за гвалт або пагрозу гвалту на адрас праваахоўніка. Сам Макарый ужо на свабодзе, але стала ясна, што пераследваныя па палітычных матывах беларусы могуць сутыкнуцца з пагрозай затрымання і за межамі Беларусі.

"У дачыненні да Беларусі даверу няма, кожны выпадак запыту Інтэрпол пераправярае, як правіла, усе "палітычныя" артыкулы аўтаматычна не ўносяцца ў базу. Але беларускія ўлады любяць заводзіць артыкулы ў дачыненні да актывістаў за нявыплату падаткаў, аліментаў, а цяпер яшчэ, як мы бачым, і за "супраціў работнікам міліцыі". Але думаю, праз камісію кантролю файлаў будзе даволі проста дамагчыся таго, каб гэтага запыту ў базе Інтэрпола не было", — кажа Міхалевіч.

Адвакат падкрэслівае, што нацыянальнае цэнтральнае бюро Інтэрпола ў Беларусі — гэта супрацоўнікі міжнароднага дэпартамента МУС. Гэта значыць, людзі, якія носяць беларускія пагоны. У самога ж Інтэрпола не так і шмат магчымасцяў "пераправерыць" запыт. Яго супрацоўнікі могуць "загугліць" чалавека і сам артыкул, каб вызначыць, ці ёсць у яго палітычная афарбоўка.

І калі артыкул па арганізацыі масавых беспарадкаў заведама выглядае як палітычны, то з артыкулам пра аказанне супраціву супрацоўнікам міліцыі ўсё не так адназначна.

Як пазбегнуць такой сітуацыі? Міхалевіч лічыць, што адзіны правільны шлях — блакаваць магчымасць падачы людзей у вышук для Беларусі.

— Трэба падаць абскарджанне ў камісію кантролю файлаў Інтэрпола. Гэта спецыяльны орган унутры арганізацыі. Там трэба выкласці свае аргументы, на працягу дзевяці месяцаў прымаецца рашэнне, пакінуць чалавека ў базе або выдаліць яго звесткі.

Звычайна адвакаты не маюць практыкі ў гэтай сферы. Беларусам, якія вымушаныя былі з'ехаць з палітычных прычын, каманда Міхалевіча дапамагае адправіць запыт на выдаленне сваіх звестак з базы бясплатна.

Поўную версію гутаркі глядзіце на канале Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі