Вольга Бандарэнка: Лідэраў Плошчы хочуць адлучыць ад моладзі

Іх цяпер таксама вінавацяць не ў масавых беспарадках, а ў дзеянях, якія парушаюць грамадскі парадак.  Праваабаронца Алена Танкачова, аднак, не спяшаецца уздыхаць з палёгкай. 

Танкачова: "На сённяшні дзень мы маем інфармацыю, што для 9 чалавек змененна абвінавачванне. Я б не спяшалася казаць, што абвінавачванні сталі больш мяккімі. Пра гэта можна будзе казаць, калі скончацца суды і можна будзе даследаваць у судовым парадку ўсе матэрыялы. І тады будзе бачна, чым сканчваюцца гэтыя працэсы".

На думку Танкачовай,  следства сутыкнулася з сур’ёзнымі праблемамі, калі спрабавала даказаць арганізацыю масавых беспарадкаў. Менавіта таму абвінавачаным пачалі пераглядаць абвінавачанні.

Жонка Змітра Бандарэнкі Вольга мае крыху іншую думку:

Бандарэнка: "Відаць, Лукашэнка сказаў: "Да святаў". І ўсе сказалі: "Ёсць!" І хутка выконваюць яго пажаданне. Чаму змякчэнне ідзе? Бо з эканомікай у краіне не ўсё добра — гэта першае меркаванне. А другое — што, магчыма, лідэрам хочуць даць мякчэйшыя прысуды, а моладзь "добра" асудзілі. Каб увесці такі раскол, каб моладзь баялася..."

Нагадаем, што жорсткія прысуды за Плошчу ўжо атрымалі Васіль Парфянкоў, Аляксандр Атрошчанкаў, Мікіта Ліхавід. Іх звінавацілі ў тых самых масавых беспарадках, у якіх ужо не вінавацяць лідэраў. Ці змогуць асуджаныя абскардзіць папярэднія рашэнні? Танкачова адказвае асцярожна:

Танкачова: "Вельмі складана адказваць на гэтае пытанне. Бо як у гэтай сітуацыі будзе паводзіць сябе беларуская судовая сістэма, можна толькі спрабаваць меркаваць".

У кожным разе, можна меркаваць, што "сюрпрызы" ў "справе 19 снежня" яшчэ не скончыліся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі