Вінаградаў: Каб выбаршчыкі купілі цябе сваімі галасамі — умей сябе прадаваць

Вінаградаў: Каб выбаршчыкі купілі цябе сваімі галасамі — умей сябе прадаваць

25 жніўня вядомага беларускага грамадскага актывіста Паўла Вінаградава аштрафавалі за арганізацыю і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі "Дзякуй за нагляд" на 40 базавых велічынь (840 рублёў). Каб расказаць пра тое, як ён збіраецца сплачваць такую суму, чаму яго так “любяць” міліцыянеры і прааналізаваць сёлетнюю парламенцкую кампанію, Павел Вінаградаў завітаў у студыю Еўрарадыё.

Цалкам размову з Паўлам Вінаградавым можна паслухаць тут:

Лепшыя цытаты з размовы з Паўлам Вінаградавым:

У краіны, у якой некалькі Дзён Незалежнасці, няма ніводнага Дня Незалежнасці. Пладзіць гэтыя дні — ганебная практыка. Асабіста для мяне Дзень Незалежнасці — 25 сакавіка, дзень стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Мяркую, гэта найбольш адпаведная дата.

Калі я і пайду некалі некуды балатавацца, то толькі дзеля вясёлага сцёбу над тым, што ў нас называецца выбарамі. А пакуль я не адчую, што я сам бы за сябе прагаласаваў, да таго моманту я не буду нікуды балатавацца. Сёння я бы за сябе не прагаласаваў.

У "Zмены" быў план, як павесяліцца падчас гэтых выбараў, але мяне міліцыя прадбачліва і даволі разумна абмежавала наглядам, і я не змагу тыя планы ажыццявіць. Але хутка, 14 верасня, у мяне той нагляд завершыцца…

Выглядае на тое, што адзін з самых небяспечных людзей сёння для беларускай улады — 28 гадовы цырульнік. Магчыма, я адзін з самых актыўных маладых людзей у палітыцы, але калі цэлая дзяржаўная машына з міліцыяй, КДБ, арміяй баіцца 28 гадовага цырульніка, то яна дэманструе сваю слабасць.

Хтосьці сёлетнюю выбарчаю кампанію вядзе вельмі добра, хтосьці — ніяк, а хтосьці — з дзіцячымі памылкамі. Добра выглядаў Алесь Лагвінец з яго спеўнымі пікетам з Лявонам Вольскім, Юрый Хашчавацкі па БТ выдатна выступіў і Павел Стэфановіч, які агітуе за легалізацыю марыхуаны. Імёнаў тых, хто вядзе кампанію ніяк, я нават не ўзгадаю. А тыя, што з памылкамі… Калі ты не можаш правільна запоўніць дэкларацыю, да прыкладу, то навошта ты ў дэпутаты ўвогуле ідзеш?! Не разумею.

Калі ты публічная асоба і калі ты хочаш, каб выбаршчыкі цябе купілі сваімі галасамі — трэба ўмець сябе прадаваць.

Любы публічны дзеяч, а асабліва палітычны дзеяч, проста абавязаны прысутнічаць у сацыяльных сетках. Там твае выбаршчыкі, там ты з людзьмі можаш весці прамы дыялог. Не разумею, чаму гэта ўвогуле некаму неабходна тлумачыць! Неабходна, каб у сацсетках людзі цябе бачылі з чалавечага боку. Там палітыку трэба не толькі расказваць пра свае дзеянні, але і расказваць пра сваю сям’ю, сваіх дзяцей. Трэба быць чалавекам і паказваць, што ты – звычайны чалавек.

Я не ведаю ніводнай, апроч самых першых выбараў, паспяховай выбарчай кампаніі. У выбарах можна ўдзельнічаць, калі ты ўдзельнічаеш добра і добра робіш кампанію. Можна рабіць байкот, калі ты робіш яго добра. Я за“трэба рабіць добра”.

Фота Алеся Пілецкага

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі