Вікторыя Азаранка стартавала на Уімблдоне з перамогі (відэа)

Вікторыя Азаранка стартавала на Уімблдоне з перамогі (відэа)

Вікторыя Азаранка стартавала на Уімблдоне з перамогі. У 1/64 фіналу беларуская тэнісістка, у якой пакуль 683-е месца ў рэйтынгу WTA, выйграла ў 40-й ракеткі свету амерыканкі Кэтрын Бэліс — 3:6, 6:2, 6:1. Паядынак працягваўся 1 гадзіну 45 хвілін. Толькі ў другім сэце Азаранка знайшла сваю гульню, прадэманстравала добрую фізічную падрыхтоўку і ўпэўнена давяла матч да перамогі.

“Я кепска пачала, нервавалася і не паказала сваю гульню ў першым сэце,гаварыла беларуская тэнісістка пасля пераможнага паядынку. — …Я доўга не магла ўвайсці ў гульню. Так што я радая, што змагла змяніць ход сустрэчы… Я даўно не гуляла і таму мне быў патрэбны час на адаптацыю”.

Наступнай саперніцай Вікторыі Азаранкі будзе расіянка Алена Весніна (16-е месца ў рэйтынгу), якая перамагла сваю суайчынніцу Ганну Блінкову (116-е месца) — 6:4, 5:7, 6:2.

Раней у 1/32 фіналу выйшла беларуска Арына Сабаленка (136), якая абыграла Ірыну Храмачову (110) з Расіі — 6:3, 6:4. Наступнай яе саперніцай будзе Карына Вітхефт (65) з Германіі. Беларуска Аляксандра Сасновіч (89) прайграла Алене Астапенка (13) з Латвіі — 0:6, 6:1, 3:6.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі