Віцебскі матэматычны факультэт: Ужо зараз бачна, на сесіі адлічым чалавек 6

За месяц да сесіі Еўрарадыё праверыла, ці дапамагло падвышэнне прахадных балаў на тэставанні набраць разумных студэнтаў і каго хутка адлічаць.

“Паводле вынікаў прамежкавай атэстацыі ў нас будуць такія студэнты, якія не справяцца на сесіі. Такіх чалавек пяць-шэсць. Але, на думку  выкладчыкаў, сёлета студэнты мацнейшыя. Раней, бывала, студэнты прыходзілі, набраўшы 15 балаў па матэматыцы са 100!” — прыгадваюць на матэматычным факультэце ў Віцебскім універсітэце імя Машэрава.

Брэсцкі ўніверсітэт імя Пушкіна за сваіх першакурснікаў вырашае пазмагацца: адкрылі курсы, каб тыя здалі сесію.

“На кожнай спецыяльнасці на першым курсе прапануем карэктуючыя бясплатныя курсы для студэнтаў. На некаторых спецыяльнасцях курсы абавязковыя. А каму гэтага недастаткова — прапануем яшчэ платныя курсы. Але ў гэтым годзе студэнты не слабейшыя за леташніх”, — расказваюць Еўрарадыё ва ўніверы.

Але і не мацнейшыя — значыць, не так і дапамагло падвышэнне неабходных для паступлення балаў.

З Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова сыходзяць яшчэ да сесіі — і платнікі, і бюджэтнікі.

“Некалькі чалавек сышлі са спецыяльнасцяў фізіка-матэматычнага профілю. Некалькі чалавек яшчэ з іншых спецыяльнасцяў. Ёсць такія і платнікі, і бюджэтнікі. Ці дапамагло падвышэнне балаў, пакуль не скажаш. Гэта на сесіі ўжо будзе бачна”, — дзеляцца ў Магілёўскім універсітэце.

На фізічным факультэце БДУ таксама ўжо развіталіся з некалькімі студэнтамі. Але колькі давядзецца адлічыць на сесіі, пакуль не ведаюць.

“Гэта адзінкі. Мы б не сказалі, што яны з самымі нізкімі баламі былі. Там проста змяніліся планы ў студэнтаў. У гэтым годзе першакурснікі мацнейшыя, чым у мінулым годзе. Але ці залежыць гэта ад павышэння балаў…”, — тлумачаць на фізфаку БДУ.

Нагадаем, сёлета на тэставанні неабходныя для паступлення балы істотна падвысілі. Па рускай і беларускай мове трэба набраць больш за 10 балаў, па фізіцы, матэматыцы і біялогіі — 15 балаў, па гісторыі, грамадазнаўстве і замежных мовах — 20 балаў. У выніку 37% абітурыентаў, якія здавалі фізіку, не змаглі набраць неабходныя 15 балаў. Матэматыку завалілі 32% абітурыентаў. Агулам жа на тэставанне запісаліся 117 тысяч чалавек.

Карэспандэнтка Еўрарадыё наўгад набрала 22 балы па біялогіі

Фота: infopark.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі