Вы тут

Віцебская доктарка, якая заклікала "спасти Белоруссию", не страціла працу

Паход у пракуратуру для Наталлі Ларыёнавай завяршыўся добра​ / vitbichi.by

Віцебская доктарка Наталля Ларыёнава, якая ў канцы сакавіка апублікавала ва "УКантакце" заклік "помочь спастись народу Белоруссии", пасля ўвагі ўладаў, якая на яе звалілася, і візіту ў пракуратуру працуе як звычайна. Мяркуючы па актыўнасці ў сацсетках, з ёй усё добра — праўда, танальнасць допісаў злёгку змянілася.

"Я хаджу на працу. У нашу бальніцу паступаюць хворыя, але ніякай панікі няма, усе працуюць вельмі дружна. Мы падтрымліваем адно аднаго, жартуем і застаёмся на пазітыве! Рускага чалавека выратуе толькі гумар!" — піша яна раніцай 8 красавіка.

Наталля дадае, што грошай у бальніцу хуткай дапамогі горада Віцебска зараз паступае дастаткова, але медыкі сутыкнуліся з іншай праблемай: "у арганізацыі, з якой у нас заключана дамова, скончылася ўсё на складзе". Сваім падпісчыкам яна рэкамендуе не траціць прысутнасці духу, а галоўнымі рэцэптамі ад вірусаў называе веру ў найвышэйшыя сілы і пазітыўны настрой. А тады імбір, часнок, прагулкі і зносіны з пазітыўнымі людзьмі.

8 красавіка Еўрарадыё звязалася з Ларыёнавай — але яна папрасіла тэлефанаваць ёй пасля працоўнага дня, спаслаўшыся на занятасць.

Пасля таго як 30 сакавіка Наталля Ларыёнава напісала, што ў Віцебску "сітуацыя пачала выходзіць з-пад кантролю", "медыкі хутка не будуць спраўляцца з наплывам хворых", "шмат дактароў знаходзіцца ў бальніцах з запаленнямі лёгкіх", а "лічбы тыя, што падаюць у СААЗ, абсалютна міфічныя", людзі сталі турбавацца, ці не страціць яна працу. Праз некалькі дзён Наталлю выклікалі ў пракуратуру.

Скрыншот з сацсеткі "УКантакце”

"Устаноўлена, што Наталля Ларыёнава па родзе сваёй дзейнасці доктарка лабараторнай дыягностыкі і не валодае доступам да інфармацыі, якая накіроўваецца ў СААЗ,расказала прадстаўнік абласной пракуратуры Наталля Гушча.Больш таго, не ўяўляе, хто і як гэта робіць. Таксама яна не валодае эпідэміялагічным становішчам як у цэлым па рэспубліцы, так і па Віцебскім рэгіёне".

Кіраўніцтва Віцебскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі растлумачыла, што Наталля добры спецыяліст, але "за апошнія гадоў 20 яна не лячыла ніводнага пацыента з пнеўманіяй і не будзе лячыць".

Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў не ў курсе, як змянілася жыццё Ларыёнавай пасля паходу ў пракуратуру, але ўпэўнены, што ў яе ўсё ў парадку:

— Мяне ў пракуратуру выклікаюць часцей, чым Ларыёнаву. Мне ў прынцыпе незразумела, чаму яе туды выклікалі. Ну, выклікалі і выклікалі. Думаю, што калі б з ёй нешта сур'ёзнае было, то я б ведаў.

Сам Павел цяпер займаецца тым, што дапамагае забяспечваць сродкамі індывідуальнай аховы віцебскіх медыкаў.

"Бахілы, пальчаткі, шапачкі, халаты — гэта ж фактычна расходны матэрыял. Калі на абласную бальніцу зрабілі заказ 2000 бахілаў на тыдзень, то ўяўляеце, колькі іх трэба? А з улікам таго, што межы закрытыя, пастаўкі абмежаваныя, усё, што было, — усё вымелі. І цяпер у нас сядзяць людзі, шыюць на хатнім абсталяванні медыцынскія ахоўныя касцюмы. Будзем адпраўляць у медустановы".

Тое, як улады ў Беларусі змагаюцца з каранавіруснай інфекцыяй, Паўла Левінава не задавальняе.

— У нас начальнік абласнога ўпраўлення аховы здароўя ў адпачынку. Нам кажуць, што ён пайшоў у адпачынак, а можа, яго ўжо знялі.

І ў медыцыне, і ва ўсім астатнім [гатоўнасць да пандэміі —] гэта была паказуха. І для мяне самае крыўднае тое, што дактары самі спарадзілі гэтую сітуацыю, калі яны сталіся раздзетымі і разутымі, а цяпер і звярнуцца ж ім няма да каго. Хто складае касцяк участковых выбарчых камісій? Настаўнікі і дактары. А цяпер тыя, на каго яны працавалі, проста павярнуліся да іх спінай. А тыя, каго яны "прасавалі", не давалі фатаграфаваць, пісалі акты, што яны парушаюць дысцыпліну, — цяпер гэтыя людзі дапамагаюць дактарам застацца ў жывых.

Але самае крыўднае будзе тое, што, калі гэты каранавірус будзе пераможаны, гэтыя ж дактары забудуць усё гэта і будуць працягваць працаваць у тым жа кірунку, у тых жа камісіях.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.