Вы тут

Віцэ-прэм'ер Ляшэнка: да 2024 года бензін АІ-92 у Беларусі можа каштаваць $1

Ігар Ляшэнка / Анастасія Бойка, Еўрарадыё​

Намеснік прэм'ер-міністра Ігар Ляшэнка, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, распавёў, што пасля завяршэння ў Расіі падатковага манеўру ў нафтавай сферы цэны на паліва ў Беларусі могуць істотна вырасці.

"Трэба разумець, што гэта [падатковы манеўр ў Расіі. — Еўрарадыё] пазначае і адпаведныя кошты на нафтапрадукты на ўнутраным рынку. І гэты ўзровень будзе вышэй чым у Расійскай Федэрацыі, дзе дзейнічае зваротны акцыз і кампенсавальная схема пры пастаўцы бензіну на ўнутраны рынак", — сказаў віцэ-прэм'ер.

Паліва ў Беларусі будзе каштаваць менш, чым у суседніх еўрапейскіх краінах. У 2024 годзе кошт за літр бензіну, па словах Ляшэнкі, бачыцца на ўзроўні ў $1 пры сусветным кошце нафты ў 70 долараў за барэль.

Нагадаем, што пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка днямі заявіў, што далей падымаць кошты на бензін у нашай краіне ужне немагчыма. "Па-першае, пакупніцкая здольнасць грамадзян Беларусі не дазваляе гэта зрабіць, а па-другое, у нас і так ужо дыспарытэт коштаў на бензіны і дызельнае паліва з Расіяй дзесьці ў памеры 8-10%. Калі гэтая розніца ў коштах стане большай, то паўстане новая праблема масавага ўвозу ў Беларусь з Расіі танных нафтапрадуктаў", — патлумачыў ён.

Ігар Ляшэнка распавёў, што за чатыры месяцы Беларусь у сувязі са зніжэннем экспарту нафтапрадуктаў не далічылася $421,9З млн. Гэта звязана ў тым ліку і з "бруднай нафтай", якая трапіла ў трубаправод "Дружба" з Расіі, і з абмежаваннем на ўвоз расійскіх нафтапрадуктаў з лістапада мінулага года, адзначыў віцэ-прэм'ер.