Ветэран вайны: Трэба аб’явіць, што ў нас крызіс, а не цішком змяншаць пенсіі

Ветэран вайны: Трэба аб’явіць, што ў нас крызіс, а не цішком змяншаць пенсіі

Людміла Горцава — ветэран вайны. У 18 гадоў яна была сержантам-радысткай і нават камандавала ўзводам ў 384-м асобным зенітным дывізіёне войскаў СПА. Праз два тыдні адзначыць 90-годдзе. Пакуль жа хоча галоснасці:

“У мяне знялі пенсію. 300 тысяч. Да студзеня я атрымлівала 5 мільёнаў 222 тысячы. Цяпер — 4 мільёны 917 тысяч. Пытаюся, чаму зменшылі? А гэта ўсім ветэранам зменшылі. Маўляў, плаціў гарвыканкам са свайго фонду. А цяпер выйшла распараджэнне, каб зняць гэтыя грошы. Мяне гэта абурыла! Я не шыбка граматны эканаміст, я філолаг. Але хачу так сказаць, пенсія можа затрымацца, яна можа змяняцца ўверх. Але калі пенсія паніжаецца, гэта ўжо крымінальная справа. Ніхто не мае права, нават дэпутацкі корпус, здымаць пенсію, заробленую пад завесу жыццёвага шляху! Мне не трэба вяртаць гэтыя грошы. Але я хачу, каб гэта стала вядома грамадскасці. Трэба, каб афіцыйна аб’явілі: у сувязі з тым, што цяжкі эканамічны стан у краіне, не хапае грошай, мы часова зменшылі пенсію. Трэба інфармаваць, а мы даведаліся постфактум. Мне крыўдна”.


У студзені 2016 года Мінгарвыканкам спыніў выплату дапамогі да пенсій для пэўных катэгорый грамадзян. Сярод іх — ветэраны вайны, інваліды, дзеці-інваліды да 18 гадоў і іншыя. Гэта звязана з завяршэннем рэалізацыі Праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання ў Мінску на 2011-2015 гады. Новая праграма сацыяльнага развіцця цяпер знаходзіцца на абавязковай юрыдычнай экспертызе ў Міністэрстве юстыцыі. Мінгарвыканкам абяцае, што ў самы бліжэйшы час новыя дакументы будуць падпісаныя, а дапамога да пенсій будзе вернутая. 
Ветэран вайны: Трэба аб’явіць, што ў нас крызіс, а не цішком змяншаць пенсіі

Напрошваемся ў госці да Людмілы Аляксееўны. Паглядзець, як жыве ветэран вайны з пенсіяй амаль у пяць мільёнаў. Такія вялікія пенсійныя тлумачацца проста: цягам жыцця працавала ў школе настаўніцай рускай мовы і літаратуры, чытала лекцыі ў Інстытуце ўдасканалення настаўнікаў, потым працавала ў Гарана і дзесяць гадоў — дырэктаркай вячэрняй школы. Маўляў, калі сярэдні заробак па СССР быў 150 рублёў, яна атрымлівала 276.

Людміла Горцава жыве на вуліцы Інтэрнацыянальнай у Мінску ў двухпакаёўцы з высокай столлю. Сустракае нас мандарынамі і паведамленнем, што, нягледзячы на свае дзевяноста, на маразм не пакутуе:

“Мяне хуткая забрала, а я не хацела класціся ў бальніцу і ў тлумачэнні мусіла напісаць прычыну адмовы. Паставіла двукроп'е, на што пачула: "Паглядзіце! дзевяноста гадоў, а яна і грамату памятае. Думаюць, што калі дзевяноста гадоў, значыць, абавязкова мусіць быць маразм. А я і вершы пішу. Я іх як Някрасаў называю, “віршы”. Адзін доктар з хуткай кажа: "Ой, ну якія вершы, "Маша любіць Сашу". Я ім кажу, што ў маім узросце такія вершы не пішуць. А ўвогуле, мяне любяць у бальніцы хворыя. Ляжу ў агульнай палаце, хоць маю магчымасць і асобна. Там выступаю. Вельмі любяць слухаць “Песню пра вешчага Алега”! Я ім як прачытаю! Шмат напамяць ведаю".

Ветэран вайны: Трэба аб’явіць, што ў нас крызіс, а не цішком змяншаць пенсіі

Кватэрка Людмілы Аляксееўны невялічкая. Цёмная — даўно не было рамонту. Аднак на жыццё ветэран вайны не скардзіцца. Пахавала мужа і засталася адна, а самотнай сябе не адчувае. Наведваюць сваякі, пляменніца-доктар і яе муж, генерал, забіраюць рэчы, каб выпраць, і прывозяць прадукты. Да таго ж, штодня да жанчыны прыходзіць суседка-пенсіянерка. Яна дапамагае ёй па гаспадарцы, ходзіць у аптэку, смажыць блінчыкі ці варыць суп ды раз на тыдзень прыбіраецца ў кватэры. “Сваёй Юльцы” Людміла Аляксееўна плаціць у месяц мільён дзвесце. Разам яны падкормліваюць мясцовых дваровых котак, “каб не заводзіліся ў пад’ездзе грызуны”.

У шафе ў “парадным” пакоі апроч посуду ды фотаздымкаў — кучка таблетак ад страўніка і дыябету.

“Ветэранам жа не выпісваюць дарагія лекі. Толькі нашы. А замежныя я за свой кошт набываю. Вунь, "Фізіятэнз", 13 таблетак — 239 тысяч! А, калі шчыра, дык я і не хворая. Вельмі кепскі зрок і гіпертанія мучае ад курава — паліла ж 50 гадоў! Пачала ў 30 і кінула ў 80. Прыехала ў бальніцу, а мне робяць заўвагу: “Ад вас смярдзіць тытунём”. Я кажу, тытунём пахне, а не смярдзіць. Пытаюць: “А вы даўно кінулі?”. Кажу, ну, вось, папаліла, паехала да вас і кінула. Потым ні разу не ўзгадала пра паленне!”.

Ветэран вайны: Трэба аб’явіць, што ў нас крызіс, а не цішком змяншаць пенсіі

Людміла Горцава ў Беларусь прыехала пасля вайны, у 1946-м — паступаць у тэатральны інстытут. Да таго ж, у Мінску жыла цётка, а яе муж быў намеснікам міністра мяса-малочнай вытворчасці. Людміла харчавалася ў сталоўцы Саўміна, па талонах, там і пазнаёмілася са сваім будучым мужам, былым партызанам, які ў той час працаваў памочнікам самога Васіля Казлова.

"Потым муж працаваў у Акадэміі Навук, а потым спіўся, як усе партызаны. Усе паддавалі. Вось, Навуменка вытрымаў. Шамякін не піў. Макаёнак піў, хоць вельмі быў адораным чалавекам. Я “каталася” у гэтай вярхушцы, я іх усіх ведаю… Але муж не дазволіў мне быць актрысай. Таму я не доўга правучылася ў тэатральным. Ды і група наша была слабай. Са мной вучыліся Віктар Карпілаў, Юрка Галкін, Батакоў Саша, які меў тэатральны білет №1, Ліля Драздова, яна грала "Паўлінку". Я вельмі любіла беларускі тэатр, рускі тэатр. Але вымушаная была адмовіцца ад акцёрства. Паступіла адразу на другі курс Педінстытута. Пасля яго выкладала рускую мову ў школе №9.

Артур Вольскі, дарэчы, быў жанаты на маёй пляменніцы, Ларысе, актрысе ТЮГ. Яна таксама Горцава, як і я. Якуб Колас таксама сват мне. У Коласа быў брат Юзік. А ў яго сын Віктар, працаваў дырэктарам школы ў Мікалаеўшчыне. Мая стрыечная сястра скончыла ўніверсітэт і прыйшла завучам у Мікалаеўшчыну. Яны ажаніліся…”

Ветэран вайны: Трэба аб’явіць, што ў нас крызіс, а не цішком змяншаць пенсіі

Такіх гісторый у Людмілы Аляксееўны шмат. Кажа, што ў свой час магла многа чаго сабе дазволіць. І жыла да 1967 года ў іншай, большай кватэры ў гэтым жа доме. Цяпер жанчына збіраецца прадаваць сваё жыллё (яно каштуе каля 100 тысяч долараў) і жыць разам са сваякамі.

“Яны мяне не кінуць, у мяне пенсія вялікая! — смяецца ветэран і працягвае. — Матэрыяльная дапамога мне не патрэбная. Я маю ў месяц цяпер 4 мільёны 917 тысяч. Не ва ўсіх ветэранаў вялікія пенсіі... Была маладзейшай, займалася рэпетытарствам, шмат зарабляла, было складана да мяне патрапіць. Займалася з міліцыянерамі, якія паняцця не мелі, што такое дзейнік і выказнік, вучыла разбіраць сказы. Яны ўсё паздавалі і памятаюць мяне дагэтуль”.

Ветэран вайны: Трэба аб’явіць, што ў нас крызіс, а не цішком змяншаць пенсіі

Падчас размовы Людміла Аляксееўна выказвае жаданне паказаць сваё ваеннае пасведчанне, маўляў, а раптам мы не верым у праўдзівасць яе словаў. Доўга шукаем пацёрты часам лісток. Паралельна знаходзім у скрынках ад абутку плацёжкі за кватэру, беражліва сабраныя ў капэрты, паэму Лермантава “Мцыры” з рознымі цыдулкамі, усемагчымыя пасведчанні выдатніка асветы, значкі і медалі.

“Тое, што я бачыла на вайне — вам не распавесці. Асабліва ў Кёнігсбергу. Там былі страшныя баі. Я тады ваявала на трэцім украінскім фронце пад камандаваннем Васілеўскага. Прыгажун, у 38 гадоў аддаў сваё жыццё. Гэта была сталіца Кайзера. Горад вызвалялі некалькі сутак. Загінула вельмі шмат людзей. Не было каму выносіць ні мёртвых, ні параненых. І калі ўсё супакоілася, цывільныя немцы адкрывалі цырульні — нас фраў прычэсвала. Мы іх не чапалі, усё ім дазволілі, хлеб ім давалі — мірнае насельніцтва не мусіць пакутаваць… У Быдгашчы штабялямі ляжалі мёртвыя дзеці каля касцёла. Бачыла, як на правадах віселі рукі. Я дагэтуль не сплю без снатворнага, каб заснуць і не баяцца. Хаця я чалавек смелы”.

Ветэран вайны: Трэба аб’явіць, што ў нас крызіс, а не цішком змяншаць пенсіі

Па словах Людмілы Аляксееўны, пры Машэраве франтавікоў не асабліва шанавалі, толькі партызанаў. Звяртаць увагу на ўсіх ветэранаў сталі, калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка. Хаця саму яе ніколі не запрашалі на парады і на ўшанаванні ветэранаў вайны.

“Але ўсё ж навошта прыдумалі гэтую справу — здымаць пенсіі? — не сунімаецца ветэран. — Нас жа мала засталося. Гэта ж не вырашыць праблему Беларусі. На мялі сядзім. Але трэба быць аптымістам. Я нават дапамагаю іншаму пляменніку — яму 47 гадоў, у яго двое дзяцей. Але гэта я ад крыўды. Мне проста крыўдна, што да ветэранаў так ставяцца. Не ўсе ветэраны атрымліваюць такую пенсію. Не ўсе сыходзілі на пенсію дырэктарамі школ”.

Ветэран вайны: Трэба аб’явіць, што ў нас крызіс, а не цішком змяншаць пенсіі

На развітанне Людміла Аляксееўна дэманструе нам змесціва сваёй лядоўні і распавядае пра харчаванне:

“Па-першае, ем заўсёды геркулес з клубніцамі. У мяне заўсёды сокі і пюрэ з дзіцячага харчавання, бо зубоў няма. Тваражок “Крошачка”, салат “Санта Брэмар”, я яго вельмі люблю. Ем чырвоную рыбу, яйкі, грэчку, вось два пакеты малака. Амлет: тры яйкі, а потым пасыпаю сырам. І вельмі люблю кефір”.

Ветэран вайны: Трэба аб’явіць, што ў нас крызіс, а не цішком змяншаць пенсіі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі