Вы тут

Вернікі vs актывісты: у Салігорску слуханні па новай царкве пайшлі на другі круг

Калі будзе прынята рашэнне пра будаўніцтва, царква паявіцца тут / Еўрарадыё

У Салігорску здарыўся рэдкі для Беларусі выпадак: грамадскія абмеркаванні наконт забудовы новага раёна пайшлі на другі круг. Прычына ў новай царкве, якую хочуць пабудаваць у зялёнай зоне.

Супраць выступілі мясцовыя актывісты, якія сцвярджаюць, што ў горадзе ўжо дастаткова праваслаўных храмаў. Яны сабралі тысячу подпісаў пад зваротам з просьбай адмяніць будаўніцтва храма. За — праваслаўная абшчына, якая быццам бы перадала ў выканкам 5000 подпісаў на карысць царквы.

Месца на карце, дзе плануецца будаўніцтва

Першыя грамадскія абмеркаванні пачаліся 18 ліпеня 2019 года. Аднак актывісты даведаліся пра іх толькі 7 жніўня, калі Салігорскі райвыканкам размясціў інфармацыю ў раённай газеце “Шахцёр”. Гэта было адзначана ў петыцыі, пад якой за чатыры дні падпісалася тысяча чалавек. Улады прызналі парушэнне.

“Першыя грамадскія слуханні прызнаныя несапраўднымі, бо былі памылкі ў апавяшчэннях, — растлумачыў Еўрарадыё намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Валянцін Стасюкевіч. — Таму мы цяпер паўторна праводзім абмеркаванне, якое скончыцца 26 снежня”.

Мясцовая актывістка Наталля Трафімчук расказвае Еўрарадыё, што ў Салігорску, дзе жыве 106 тысяч жыхароў, ужо ёсць восем праваслаўных храмаў. Разгортваць у лесапаркавай паласе, куды шмат хто ходзіць пагуляць, будаўніцтва дзявятага культавага будынка яны лічаць пераборам.

Так выглядае лесапаркавая паласа, дзе плануецца будаўніцтва царквы

“Праціўнікі будаўніцтва царквы працягваюць дасылаць скаргі ў райвыканкам. Прыхільнікі РПЦ збіраюць подпісы за будаўніцтва храма. Нічога пакуль дакладна не вядома, бо да 26 снежня адбываюцца грамадскія абмеркаванні”, — кажа Наталля Трафімчук.

У вернікаў іншае меркаванне. На іх думку, у Салігорску працуе толькі адзін праваслаўны храм — гарадскі кафедральны сабор. Яшчэ ў горадзе ёсць пяць прыходаў, у якіх будуюцца два храмы.

Прыхільнікі РПЦ працягваюць збіраць подпісы за новую царкву: у гандлёвых цэнтрах, прадпрыемствах, паліклініках. Салігорскія актывісты расказваюць, што збор подпісаў ідзе нават у школах: маўляў, гэтым займалася настаўніца школы № 10.

Інфармацыя, што подпісы збіраюць са школьнікаў ужо трапіла ў сацыяльныя сеткі

Дырэктар школы Уладзімір Дзейка ў размове з Еўрарадыё адказаў, што ніхто з яго настаўнікаў подпісы за царкву не збіраў.

“Я першы раз такую інфармацыю ад вас чую, — адказаў дырэктар. — Такога не можа быць у школе. Я не ведаю, адкуль такая інфармацыя ў сацсетках. Там усё што заўгодна можа быць. Такога [збору подпісаў са школьнікаў. — Еўрарадыё] у нас не можа быць. Калі хочаце афіцыйны адказ, звяртайцеся афіцыйна”. 

Да канца грамадскіх слуханняў застаецца два дні. Еўрарадыё будзе сачыць, чым скончыцца супрацьстаянне вернікаў і грамадскіх актывістаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.