Вы тут

Валерый Цапкала: сёння ў Беларусі мы не бачым перспектыў

Валерый Цапкала

21 траўня патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Беларусі Валерый Цапкала ў чацвер правёў у Мінску ў гатэлі "Вікторыя Алімп" першую прэс-канферэнцыю. Ён крытычна выказаўся пра эканамічную сітуацыю ў Беларусі, параўноўваў яе з найлепшымі прыкладамі замежжа.

"10 гадоў без развіцця. І самае галоўнае ў тым, што сёння мы не бачым перспектыў, не бачым вобразу заўтрашняга дня, — гаварыў Цапкала. Паводле яго слоў, нашай краіне патрэбна мадэрнізацыя ва ўсіх галінах. А для гэтага неабходна пераймаць "самыя паспяховыя сусветныя ўзоры". "Мы так пачыналі развіваць ІТ-індустрыю ў нашай краіне, — прызнаўся палітык. — Мы вучыліся вельмі хутка. А пасля іншыя пачалі вучыцца ўжо ў нас. Я думаю, што так мы павінны дзейнічаць у іншых галінах". Іншага шляху ён не бачыць. "І тады заробак у нас будзе і 1000 долараў, і 2000 долараў", — прагназуе Валерый Цапкала.

Палітык лічыць няправільным, што "вялізныя грошы накіроўваюцца неэфектыўным прадпрыемствам". Ён жа іх адправіў бы ў адукацыю. "Вакол настаўнікаў павінна будавацца ўся дзяржаўная эканамічная палітыка", — заявіў Валерый Цапкала.

Валерыю Цапкале 55 гадоў. Ён — індывідуальны прадпрымальнік, былы кіраўнік беларускага Парка высокіх тэхналогій.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.