Валанцёр: Людзі часта кажуць: а навошта мне гэта патрэбна?

Фіяльта” — адна з першых недзяржаўных некамерцыйных моладзевых арганізацый у Беларусі, заснаваная ў 1995 годзе. З 2008 года функцыянуе праект роўнага навучання, дзякуючы якому былі падрыхтаваныя больш за 30 экспертаў у сферы адукацыі, цяпер яны з'яўляюцца міжнароднымі трэнерамі. За 20-гадовую гісторыю арганізацыі тут адбылося больш за 1000 майстар-класаў, а на яе мерапрыемствах пабывала больш за 20 тысяч маладых людзей.

Пра дзейнасць “Фіяльты” Еўрарадыё распавядае яе выканаўчы дырэктар Вольга Аполька. Па словах дзяўчыны, яна разам са сваімі паплечнікамі дапамагае рэалізоўваць розныя ініцыятывы. Калі нехта звяртаецца да арганізацыі са сваёй ідэяй, актывісты аказваюць экспертную падтрымку і даюць месца для правядзення мерапрыемстваў.

“У асноўным мы працуем з моладдзю і нефармальнай адукацыяй. Таксама робім праекты з валанцёрамі. Напрыклад, адзін з апошніх — мой любімы — праект у Любчы (гарадскі пасёлак ў Гродзенскай вобласці), дзе мы прымалі івэнт валанцёраў і разам з імі адбудоўвалі замак (Любчанскі замак ХVI стагоддзя, — заўв. Еўрарадыё), дапамагалі ў гэтай справе будаўнікам і архітэктарам”.

У межах міжнароднай праграмы Еўрапейскай Валанцёрскай Службы "Фіяльта" прыняла каля 50 валанцёраў у Беларусі і адправіла больш за 40 валанцёраў у розныя краіны. Арганізацыя выступае партнёрам у міжнародных трэнінгах і абменах, на якія за апошнія 5 гадоў даслала каля 100 удзельнікаў.

“У гэтай праграме мы можам працаваць у двух розных накірунках: мы можам прыймаць валанцёраў-замежнікаў у нас на год альбо на меншыя тэрміны ці наадварот накіроўваць сваіх за мяжу. Яны там працуюць, займаюцца валанцёрствам. Такіх прыкладаў у нашай арганізацыі вельмі шмат”.

Супрацоўніцтва з замежнымі валанцёрамі вылілася ў іншы праект — з’яўленне адразу некалькіх моўных курсаў. Іншаземныя госці навучаюць сяброў арганізацыі і ўсіх ахвотных сваім мовам. “Фіяльта” праводзіць курсы англійскай, нямецкай і польскай моў. З нядаўняга часу дадаліся курсы і іспанскай, бо з’явіўся валанцёр з Іспаніі.

Вольга Аполька прызнаецца, што адна з галоўных мэт арганізацыі — сфарміраваць у Беларусі неабыякавых і актыўных грамадзян.

“Людзі часта кажуць: а навошта мне гэта патрэбна? Чаму, напрыклад, я мушу ісці і прыбіраць свой двор, калі нейкія камунальныя службы атрымоўваюць за гэта грошы. Самая вялікая праблема — гэта, па-першае, адсутнасць матывацыі, па-другое, тое, што валанцёрства нямоднае ў нас і, па-трэцяе, упэўненасць людзей, што за іх павінен зрабіць нейкую карысную справу нехта іншы”.

Вырашэнне гэтых праблем дзяўчына бачыць у пашырэнні валанцёрскага руху. Стаць сёння валанцёрам няма ніякіх праблем: галоўнае, каб было жаданне. Знайсці аднадумцаў і рэалізаваць сабе можна пры дапамозе сайта talaka.by.

“Калі ты хочаш паваланцёрыць, то проста заходзіш на гэты сайт і клікаеш на кнопку “Валанцёры”. Там усе магчымасці па арганізацыях, па тым, дзе ты можаш дапамагчы. Нават калі ты не ведаеш, да якой арганізацыі хочаш далучыцца, то можаш проста напісаць, што “я валодаю такімі і такімі здольнасцямі, магу дапамагчы, напрыклад, з панядзелка па пятніцу ўвечары”. У такім выпадку арганізацыя сама знаходзіць цябе”.

Фота : 34mag.net

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі