Вадзім Іосуб: Долар рос 7 дзён запар з-за беларускіх прамысловых гігантаў

Фабрыка / Еўрарадыё
Фабрыка / Еўрарадыё

У канцы лістапада ў Беларусі 7 дзён запар раслі ўсе валюты з кошыка Нацбанка. Беларускі рубель, які звычайна "ходзіць па калідоры" следам за расійскім, на гэты раз падаў пад уплывам невідавочных фактараў. Бо ў Расіі курсы валют не рабілі сур'ёзных рыўкоў. А ў Беларусі з 21 па 28 лістапада долар ЗША падаражэў на 3,2%, еўра — на 2,66%, расійскі рубель — на 2,61%.

Вадим Иосуб: Доллар рос 7 дней подряд из-за белорусских промышленных гигантов

Старэйшы аналітык "Альпары" ў Мінску Вадзім Іосуб адзначае, што ў Беларусі ў гэты перыяд часу не было нейкіх узрушэнняў, якімі можна было б растлумачыць такое падзенне нацыянальнай валюты. На яго думку, рост долара і іншых валют з кошыка Нацбанка звязаны з буйнымі закупкамі, якія здзяйснялі гіганты беларускай прамысловасці.

"Наш валютны рынак даволі вузкі і малы, і калі некалькім прадпрыемствам неабходна купіць пару дзесяткаў мільёнаў долараў, то такі попыт імгненна адбіваецца на курсе, — расказвае Іосуб ў каментары газеце "Беларусы і рынак". — Для нашага рынку гэта сур'ёзная сума, і калі па нейкіх прычынах ажыццявіць закупку валюты неабходна ў сціснутыя тэрміны, то прасадка беларускага рубля непазбежная".

Якія менавіта прадпрыемствы сфармавалі гэты попыт, сказаць складана: гэта не публічная інфармацыя. Вадзім Іосуб мяркуе, што гэта можа быць "Беларуськалій", нафтаперапрацоўчыя заводы ў Наваполацку і ў Мазыры, Беларускі металургічны завод.

Аналітык успамінае, што падобны скачок курсу без відавочных знешніх прычын здарыўся ў канцы лета 2019 года — і ў канцы лета 2018 года. Тады долар даражэў менавіта з-за таго, што буйныя прадпрыемствы куплялі валюту. А калі гэты попыт вузеў, беларускі рубель адваёўваў пазіцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі