Вы тут

Вадалажская: “У нейкі момант нам трэба было быць больш рашучымі”

Таццяна Вадалажская / Еўрарадыё​

Кандыдатка сацыялагічных навук, экспертка Агенцтва гуманітарных тэхналогій, праграмная каардынатарка Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская ў эфіры Еўрарадыё выказала меркаванне, што беларусы не маглі па-іншаму дзейнічаць у жніўні 2020 года.

— Мне падаецца, што, па-першае, не маглі, па-другое, я вялікі праціўнік такіх рашэнняў. Гвалт ніколі не прыводзіць да чагосьці станоўчага. Ён выклікае адваротны гвалт і гэтак далей. Але ў Леніна быў не толькі гвалт, а вось пра тэлефон і тэлеграф гэта яшчэ і прадуманае дзеянне. Вось разумееце, гвалтоўнасць гэта не азначае, што няма рашучасці. Можна выйсці і рашуча стаяць і не сыходзіць. І гэта не гвалт, гэта не штосьці кепскае. Гэта пэўная рашучасць, і я думаю, што пытанне не ў тым, што кветачкі ці не кветачкі. А пытанне ў стратэгіях і тактыках. У нейкі момант нам трэба было быць больш рашучымі ў сэнсе стаяння на сваім. Хаця даволі складана сказаць, у які момант гэта было.

Мы даволі шмат з калегамі казалі пра гэта і пісалі пра гэты грамадскі i палітычны рух, пра тое, што адбываецца на вуліцы. Грамадскі рух — гэта заўсёды аргумент у палітычных дзеяннях. Умоўна кажучы, калі на вуліцах у цябе 500 тысяч, то ў гэты момант трэба прад'яўляць патрабаванні, трэба прымушаць да перамоваў. Але гэта не людзі на вуліцах павінны рабіць, гэта павінны рабіць палітыкі. Тыя, хто бярэ на сябе гэтыя функцыі. Мне падаецца пытанне — гвалтоўна, негвалтоўна — гэта ж пытанне, якое нас адводзіць ад сутнасці разумення таго, чаго нам яшчэ не хапае.

На думку Вадалажскай, беларусам трэба было зрабіць звязку паміж гвалтоўнымі дзеяннямі і добра прадуманай тактыкай і стратэгіяй: “На жаль, у нас была асінхроннасць гэтых працэсаў, людзі на вуліцах, а палітычнай прапановы ці палітычнага ціску — няма. Там шмат чыннікаў у гэтага было, але я думаю, што гэтая асінхроннасць і несупадзенне, яно значна больш згуляла ў кепскі бок, чым тое, што кветачкі былі. Кветачкі — гэта добра, гэта наша сутнасць”.

— Хто вінаваты ў тым, што гэта не зрабілі?

— Я не ведаю. Мне падаецца, што было шмат палітычных герояў. У тым ліку змяняліся такія лідарскія функцыі, спачатку гэта быў штаб Віктара Бабарыкі, потым больш штаб Святланы Ціханоўскай. Напэўна, рахунак будзе выстаўлены амаль усім. Адна праблема — гэта нескаардынаванасць. 

Але я спадзяюся, што гісторыя пойдзе ў такі бок, што мы не будзем выстаўляць рахункі, а будзем радавацца, — заключае экспертка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.