Ва Украіне пачалі працаваць лагеры для расейскіх ваеннапалонных. Пра гэта ў інтэрв'ю BBC распавяла ўкраінская Генпракурор Ірына Венядзіктава.
"Лагеры даюць магчымасць цэнтралізавана ўтрымліваць ваеннапалонных з захаваннем усіх норм міжнароднага гуманітарнага права", — дадала яна.

Расійскія салдаты трапляюць ва Украіне ў палон кожны дзень. Гэта і шарагоўцы, і афіцэры — пілоты самалётаў і верталётаў, і іншыя катэгорыі вайскоўцаў. З некаторымі з іх здымаюць так званыя "пакаяльныя відэа": яны распавядаюць, што не ведалі, што едуць на вайну. Таксама некаторым салдатам даюць патэлефанаваць дадому і расказаць сваякам, што яны апынуліся ў палоне.
Па дадзеных Узброеных сіл Украіны, з 24 лютага беззваротныя страты расійскай арміі склалі каля 14,4 тысячы чалавек. У гэтую лічбу ўваходзяць забітыя і параненыя. Пра дакладную колькасць палонных не гаворыцца. Мінабароны Расіі статыстыку сваіх страт ва Украіне не агучвае.