Вы тут

Узяты пад варту: маладзечанца судзяць за патасоўку, дзе амапавец дастаў пісталет

Павел Пяскоў / spring96.org

Маладзечанца Паўла Пяскова, якога судзяць у мясцовым судзе, 18 верасня ўзялі пад варту непасрэдна ў зале суда. 

Як піша праваабарончы сайт "Вясна", змяніць меру стрымання з хатняга арышту на заключэнне пад варту ініцыяваў праз пракурора начальнік Маладзечанскага РАУС. Ён заявіў, быццам Пяскоў збіраецца з'ехаць за межы Беларусі. 

У Пяскова на ўтрыманні знаходзіцца 6-гадовае дзіця, а таксама ён даглядае бабулю з першай групай інваліднасці.

Суд у Маладзечне ідзе з 16 верасня. Пяскова вінавацяць па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, спалучаным з ужываннем гвалту). Разам з ім судзяць Уладзіслава Еўсцягнеева.

Гаворка ідзе пра акцыю салідарнасці ў Маладзечне 19 чэрвеня. Тады маладзечанцы адбілі ў міліцыянтаў затрыманага. Здымкі патасоўкі каля міліцэйскага мікрааўтобуса атрымалі вялікі розгалас, бо ў нейкі момант у руках аднаго з амапаўцаў апынуўся пісталет. Прэс-служба МУС пазней заявіла, што ў амапаўца расшпілілася кабура і пісталет выслізнуў з яе. Міліцыянт, маўляў, злавіў яго і вярнуў у кабуру.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.