Да раніцы серады былі ўзгодненыя шэсць гуманітарных калідораў для эвакуацыі людзей з украінскіх гарадоў, каля якіх ідуць баявыя дзеянні. Пра гэта паведаміла віцэ-прэм'ер урада Украіны Ірына Верашчук.
У прыватнасці людзей будуць вывозіць па напрамках:
- Энергадар — Запарожжа
- Сумы — Палтава
- Марыупаль — Запарожжа
- Валнаваха — Пакроўск
- Ізюм — Лазовая
- Ворзель, Буча, Барадзянка, Ірпень, Гастомель — Кіеў
Дасягнутая дамоўленасць, што з 9 да 21 гадзіны будзе дзейнічаць рэжым спынення агню.
Вядома таксама, што сёння ў Энергадар даставяць "інсулін, медыкаменты і сухія прадукты для далейшай арганізацыі бясплатных сацыяльных сталовых і падтрымкі найбольш неабароненых катэгорый насельніцтва". Пра гэта паведаміў кіраўнік мясцовай адміністрацыі Дзмітрый Арлоў. На зваротным шляху гэтыя аўтобусы вывезуць мірных жыхароў, якія жадаюць з'ехаць з Энергадара.
Нагадаем, напярэдадні з горада Сумы ў Палтаву змаглі выехаць, скарыстаўшыся гуманітарным калідорам, каля 5 тысяч чалавек і тысяча прыватных аўтамабіляў. Большасць эвакуяваных — жанчыны і дзеці.