Уявіце, што ў абменніках ёсць два курсы долара – для абраных і для астатніх

У СМІ з'явілася інфармацыя, што Нацбанк дамовіўся з урадам легалізаваць "ценявы" курс рубля. Але пры гэтым захаваецца і афіцыйны курс.

У самім Нацбанку пакуль не пацвярджаюць і не абвяргаюць інфармацыю пра "ценявы" курс. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў кіраўнік службы інфармацыі Нацбанка Анатоль Драздоў.

Драздоў: ”Шмат чаго цікавага чытаю, але такіх дадзеных у мяне няма. У мяне няма інфармацыі па гэтым пытанні, я не магу яе пацвердзіць, ці абвергнуць”.

Еўрарадыё пацікавілася ў эканаміста Сяргея Чалага, што азначае ўвядзенне двух валютных курсаў.

Чалы: “Фактычна гэта прызнання таго, што здарылася дэ-факта – што было некалькі абменных курсаў. Адзін – гэта афіцыйны, па якім здзелак на біржы фактычна не праводзілася, акрамя абавязковага продажу выручкі, 30% яе. І другі – гэта было спроба Нацбанкам, як яны казалі, развіваць рынак міжбанкаўскі небіржавы. І там, нібыта, гандлююць усе ў адпаведнасці з сваім попытам і прапановай”.

Але, кажа эксперт, выявілася, што ніякага развіцця міжбанкаўскага рынку не адбылося. Таму Нацбанк, маўляў, паспрабаваў гэтую сітуацыю выправіць і перавёў гэтыя таргі ў рэжым біржавых.

Змены не закрануць звычайнага грамадзяніна, які захоча купіць валюту.

Чалы: “Сутнасць гэтага рашэння заключалася ў тым, што небіржавы рынак не працаваў, і, фактычна, усе імпарцёры зварочвалі сваю дзейнасць. Стаяла пытанне пра фактычнае прыпыненне рэальнага сектару эканомікі. І гэтае пытанне будзе вырашана, валюта будзе даражэй, але яе можна будзе набыць. А на рынку наяўнай валюты нічога не зменіцца. Усе дзеянні нашых уладаў яны такія крывыя проста для таго, каб ні ў якім разе ўсе іх дзеянні не нагадвалі і не казалася гэтае слова на літару “Д”. Каб зразумець абсурднасць сітуацыі, якая склалася на рынку безнаяўнай валюты, уявіце, што ў абменніках было б два курсы долара. Адзін для нейкіх абраных, а другі на 30-40% даражэй для астатніх. У чыстым выглядзе карупцыйны механізм”.

Эканаміст кажа, што пэўны ўплыў другога валютнага курса жыхары Беларусі ўсё ж адчуюць. Усе імпартныя рэчы будуць прадавацца па тым курсе, які будзе на альтэрнатыўнай сесіі на біржы. Але гэта, мяркуе Чалы, лепш, чым адсутнасць тавару, няхай і па старой цане.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі