Вы тут

"Усе ўмовы створаныя", але медалёў — два: што перашкаджае беларускім алімпійцам?

Фрыстайлістка Ганна Гуськова са срэбным медалём / t.me/noc_belarus

Два медалі з Алімпіяды — гэта дрэнна ці добра? Срэбра фрыстайлісткі Ганны Гуськовай і біятланіста Антона Смольскага дапамаглі не ўпасці беларускай камандзе ніжэй за дваццаць чацвёртае месца ў алімпійскім заліку. Ці быў такі вынік прадказальны?

— Я думаю, што вынік у нейкай ступені прадказальны. Цуду не адбылося. Мне здаецца, што цяпер два-чатыры медалі для нашай краіны — гэта максімальны вынік, які можа быць. Складанасці былі ва ўсіх. Гэта і кавідныя абмежаванні, і ўмовы надвор'я, — расказвае Еўрарадыё шматразовы чэмпіён Беларусі лыжнік Сяргей Далідовіч. — Па выніку сезона мы маглі прэтэндаваць на медалі ў біятлоне, а тут яшчэ і фрыстайл атрымаўся.

Ганна дала максімум, што яна магла даць. Медаль не ўзнікае ніадкуль. Калі Смольскі і біятланісткі па сезоне добра выступалі, то, у прынцыпе, яны так і праехалі. Калі ў лыжнікаў не было ніякіх перадумоў па сезоне, у трыццаць ніхто не трапіў, то было б наіўна меркаваць, што яны паедуць на Алімпійскія гульні і трапяць у топ-15. Калі хтосьці пісаў і лічыў, што будзе шэсць-сем медалёў, то гэта лухта. Аналітыка для таго і існуе, каб паглядзець і спрагназаваць тыя медалі, якія ў прынцыпе могуць быць.

Калі звярнуцца да аналітыкі, то якія перспектывы чакаюць беларускі спорт?

— Усё будзе залежаць ад таго, у якім кірунку будзе развівацца спорт, якое будзе фінансаванне, — мяркуе Сяргей Далідовіч. — Хацелася б, каб мы спачатку сталі лепш жыць, а не наадварот — спорт, а потым ужо лепш жыць. Зараз можа быць так, што людзям не будзе чаго есці, і я не думаю, што пры гэтым развіццё спорту будзе яшчэ лепшым.

 

Рэпрэсіі ў Беларусі + непрафесіяналы = 24-е месца

Палітычная сітуацыя ў Беларусі адбілася і на беларускіх алімпійцах, лічыць заснавальнік гандбольнага "Віцязя", выканаўчы дырэктар Фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

Аляксандр Апейкін / instagram.com/apeikin86

— Спартоўцы перш за ўсё — гэта грамадзяне. Гэта не проста людзі, якія неяк дыстанцыйна існуюць у вакууме, — расказвае Еўрарадыё Аляксандр. — Яны жывуць у Беларусі, бачаць, што адбываецца. Ведаюць пра палітычную і эканамічную сітуацыю, пра палітвязняў. Я на сто адсоткаў упэўнены, што амаль усе беларускія спартоўцы выдатна разумеюць тое, што адбываецца ў Беларусі. 

І канешне, гэта адбіваецца на іх маральна-псіхалагічным стане. Яны выдатна разумеюць, што вялікая частка людзей у Беларусі не падтрымлівае тых, хто паехаў на Алімпіяду пад чырвона-зялёным сцягам. Мы бачым гэта па каментарах, па рэакцыі людзей, па спартыўнай супольнасці. Цяжка рыхтавацца, цяжка паказваць нейкі вынік у такой сітуацыі.

На думку Аляксандра Апейкіна, яшчэ адным чыннікам не вельмі паспяховага выступу беларускіх спартоўцаў стала пагаршэнне стану беларускага спорту ў цэлым.

— Не важна, было б два ці пяць медалёў. Сэнс у тэндэнцыі, якую мы назіраем. А тэндэнцыя зараз вельмі адмоўная. Размова ідзе пра тое, што далей будзе толькі горш. З’язджаюць спецыялісты. Сама сістэма скіравана на тое, каб на кіруючых месцах працавалі не прафесіяналы, а людзі, якія лаяльныя да рэжыму. Калі такая канцэнтрацыя непрафесіяналаў у спорце, то гэта адбіваецца на якасці падрыхтоўкі спартоўцаў.

Ролікі, на якіх беларускія алімпійцы, што не ўзялі медалі, апраўдваюцца на камеру, у сацсетках назвалі “пакаяльнымі відэа” па аналогіі з тым, што здымае на фоне дзвярэй ГУБАЗіК. Ці можна так назваць гэтыя ролікі?

Скрыншоты тых самых відэаролікаў / t.me/noc_belarus

— У спорце працуе шмат непрафесіяналаў, у тым ліку тых, хто займаецца піярам, медыя і гэтак далей. Гэта камунікацыйны правал. Увогуле размова спартоўца на камеру — гэта добры ўчынак, яны павінны размаўляць з аўдыторыяй. Але гэта трэба рабіць не ў такіх абставінах. Не на фоне чырвона-зялёнага сцяга ў нейкім памяшканні. 

Зразумела, што гэта адбывалася трошкі пад прымусам, яны не хацелі размаўляць. У беларусаў гэта выклікала пэўныя асацыяцыі. Але не думаю, што гэта было сапраўднае пакаяльнае відэа. Гэта больш проста няўдалы PR-крок, спроба паказаць, што спартоўцы размаўляюць з заўзятарамі, — мяркуе Аляксандр Апейкін.

 

"Ёсць медаль — значыць, выступ добры"

Вынікі сезона не давалі вялікай надзеі на залатыя медалі. Ці была інтрыга ў выступах беларускіх спартоўцаў?

— Інтрыга заўсёды была і заўсёды ёсць у любых спаборніцтвах. На Алімпійскіх гульнях яна на найвышэйшым узроўні. Тут рабіць нейкія прагнозы было складана. Сітуацыя магла скласціся лепш, а магла і горш, — расказвае Еўрарадыё былы галоўны трэнер нацыянальнай каманды Беларусі па фрыстайле Мікалай Казека. — Я яшчэ глыбокага аналізу не рабіў. Я не працаваў з камандай, як вы ведаеце, назіраў збоку. Выглядаць канапавым спецыялістам не хацелася б.

Наўскідку скажу, што хлопцы [фрыстайлісты. — Еўрарадыё] саступалі ў тэхнічных паказчыках, асабліва ў амплітудзе выканання скачка. Раней адметнай рысай нашай беларускай школы была класіка, чысціня ліній, вялікая амплітуда. Гэта падкупляла і выводзіла на вялікія адзнакі. А цяпер нават найлепшы наш спартовец быў пастаўлены ў дыяпазоне 115–117 балаў і спаборнічаць было немагчыма. Хацеў бы адзначыць, што наша залатая серыя з трох Алімпіяд неяк перарвалася. Гэта паказчык.

Фрыстайлістка Ганна Гуськова на цырымоніі ўзнагароджвання / t.me/noc_belarus

Два срэбры з Алімпіяды — дрэнна ці добра?

— Ёсць медаль — значыць, добры выступ. Значыць, мы ў абойме. Тое, што ў нас створаны найлепшыя ўмовы для падрыхтоўкі фрыстайлістаў, — гэта сто адсоткаў.

Я веру, што тая справа, якую я пачынаў, яна працягваецца. Ёсць памылкі, ёсць недапрацоўкі, яны падлягаюць карэктаванню. Трэба капацца, трэба шукаць і правесці сур'ёзную аналітыку, тады будзе рух наперад. Калі будзе так, што "ёсць медаль — і спачываць на лаўрах", то так, вядома, далёка не пойдзе, — падсумоўвае Мікалай Казека.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.