Уладзіміра Кобеца выпусцілі з СІЗА КДБ без прашэнняў і зваротаў

Кобец: "Мяне вызвалілі ўчора позна ўвечары. Гэта адбылося зусім нечакана для мяне. Я быў выкліканы на допыт, стандартны такі чарговы допыт, пасля якога мне ўручылі паперу пра змену меры ўтрымання і пра прадпіску аб нявыязде. І ўжо позна ўвечары я выйшаў на волю".

Па словах Уладзіміра, для яго сваякоў такое вызваленне тасама стала нечаканасцю. 

Кобец: "Мяне ніхто не сустракаў, бо гэта было нечаканасцю. І атрымалася, што позна ўвечары дабіраўся дадому, але дабірацца дадому заўсёды прыемней, любымі шляхамі. Цяжка апісаць словамі, як мяне сустракалі родныя. Першае, канечне, гэта прыемны шок ад нечаканасці. Прагутарылі рэшту ночы да раніцы з жонкай, бо 36 сутак, якія я там знаходзіўся, я быў пазбаўлены інфармацыі".

Актывіст кажа, што адзінымі крыніцамі інфармацыі былі сустрэчы з адвакатам падчас допыту, а таксама афіцыйная прэса. 

Кобец: "Тыя сустрэчы з адвакатам, якія адбываліся падчас допыту ці падчас нейкіх працэдураў, калі абвінавачванне выстаўлялася, то нейкая інфармацыя ад адваката даходзіла, але збольшага ў гэты час, канечне, адвакат мог расказаць нешта пра сям'ю. Інфармацыя, якая даходзіць туды да людзей, якія там утрымоўваюцца, гэта найперш газеты, якія так ці інакш трапляюцца. Прыходзяць афіцыйныя "КП", "СБ" — такія газеты, з якіх пэўную інфармацыю можна было атрымаць. Але зараз я імкнуся для сябе сабраць інфармацыю, што адбывалася на волі, бо фактычна вельмі шмат таго, што тут адбывалася, — навіна".

Па словах Кобеца, ён не пісаў ніякіх прашэнняў і зваротаў, каб апынуцца на волі. 

Кобец: "Не, я нічога не пісаў. Ад мяне не прасілі пісаць ніякіх папераў. Тут сітуацыя такая, што мяне вызвалялі праз трое сутак затрымання, але пасля вярнулі назад. І адвакат увесь час казаў пра тое, што ёсць спадзяванне на тое, што будзе змененная мера стрымання. Але потым была дастаткова доўгая паўза. І вось учорашні допыт адбыўся нечакана. Выклікалі на допыт і напрыканцы вызвалілі. Статус мой такі самы — я абвінавачаны па гэтай справе па частцы першай і другой. Я спадзяюся, хочацца верыць, што гэта пачатак вызвалення іншых асобаў. Бо на сёння самае галоўнае — дачакацца іх на волі. Я спадзяюся на гэта".

Бліжэйшым часам, кажа Кобец, ён мае два прыярытэты — гэта сям'я і дапамога тым, хто пакуль застаўся за кратамі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі