Уладзімір Шаблінскі: Мы не імкнемся да фэстаў больш, чым на 3000 чалавек

Еўрарадыё: Да канца фестывальнага сезону засталіся літаральна два буйныя оўпэн-эйры: “Камяніца” і “Вольнае паветра”. Як уладальнік самай запатрабаванай фестывальнай пляцоўкі, як уласна арганізатар, ці можаце ўжо падвесці нейкія вынікі?

Уладзімір Шаблінскі: Што тычыцца непасрэдна хутара “Шаблі”, то гэты канцэртны сезон мы яшчэ летась вырашылі зрабіць меншым і звезці да трох мерапрыемстваў. Адкрывалі мы фестывалям The Beatles Shabli, які прайшоў выдатна і па настроі, і па надвор’і. А калі мы кажам пра оўпэн-эйры, то надвор’е — краевугольны камень. Адна справа, выехаць на Баравую пад Мінскам і ў выпадку дажджу збегчы, а іншая за 80 км. ад Мінска і быць гатовым да доўгатэрміновага адпачынку на адкрытым паветры. The Beatles Shabli прайшлі выдатна. У сярэдзіне лета мусіў быць “Пікнік.by”, але сумесна з арганізатарамі было вырашана яго перанесці. У выніку ён выдатна прайшоў у “Камарова Village”. Ну і 24-га жніўня традыцыйна закрываем сезон традыцыйным фестывалем “Вольнае Паветра”. Таму ў “глабальным” сэнсе канцэрты сезон на хутары “Шаблі” праходзіць добра. Зноў жа, надвор’е ў Беларусі змянілася, стала больш цёпла, а гэта не можа не радаваць.

Еўрарадыё: А чаму вы вырашылі адмовіцца ад тых жа “Канцэртаў на траве”, якія ўжо станавіліся своеасаблівым брэндам?

Уладзімір Шаблінскі: Што такое “Канцэрт на траве”? Пад гэтым брэндам мы збіраліся рабіць шэраг невялічкіх фэстаў, але часта! То бок 2-3 разы на месяц. Але калі мы іх запусцілі, то банальна зразумелі, што не спраўляемся, ды і глядач стамляецца. Пагадзіцеся, якой бы выдатнай ні была кавярня побач з домам, але кожны дзень ты туды не ходзіш, хоць можаш і часта зазіраць. “Шаблі” — добра, калі яны рэдка! Плюс, канцэртамі на хутары займаецца цэлая каманда, суполка “Шаблі”, так бы мовіць Shabli Crew (усміхаецца). Кожны заняты сваёй працай, сваім жыццём, таму такая штомесячная канцэртная гонка для нас даволі цяжкая. Таму і вырашылі засяродзіцца толькі на буйных мерапрыемствах. А тры фэсты не стамляюць ні гледачоў, ні каманду, якая іх робіць.

Еўрарадыё: А чаго не хапае хутару, каб нарэшце перакрочыць мяжу наведвальнасці ў прыкладна тры тысячы чалавек?

Уладзімір Шаблінскі: А ў нас няма такой задачы! Тэхнічна пляцоўка “Шаблі” здольная прыняць і 10 і 15 тысяч чалавек, але навошта? Я лічу, што трэба засяроджвацца на якасці паслугаў! Тым, хто прыязджае да нас, патрэбная нашая ўвага! Па гэтым параметры ідэальная колькасць людзей на хутары — да трох тысяч чалавек, і проста выдатна, калі гэта чалавек 500. Бо тады ўсім хапае прасторы, месца і свабоды, тое, за чым усе і едуць на фэсты. Таму Woodstock з таннымі квіткамі і 100 тысячамі наведвальнікаў — гэта дакладна не пра нас.

Толькі новыя тэхналогіі прывядуць да з’яўлення ў Беларусі фэстаў сусветнага ўзроўню

 

Еўрарадыё: Ну, а калі абстрагавацца ад “Шаблі”, то чаму ў нас няма фэстаў еўрапейскага маштабу, размаху і г.д.?

Уладзімір Шаблінскі: Яны ў нас пачынаюць фармавацца! Той жа аэрадром “Баравая” становіцца папулярным месцам для оўпэн-эйраў, тэхналагічным месцам. Тыя, арганізатары, якія працуюць з гэтай пляцоўкай, ужо ведаюць яе магчымасці, ведаюць, як ставіць гук, каб ён не глушыў жыхароў Уручча ды Зялёнага луга і г.д. Цяпер ужо пытанне толькі ў назапашванні фінансавых магчымасцяў, якія паўплываюць на паляпшэнне ўмоваў для гледачоў. Будзе большы заробак па краіне, гледачы будуць больш аддаваць на квіткі на фэсты, адпаведна, і арганізатары здолеюць больш грошай укладаць у інфраструктуру оўпэн-эйра. Такое ж пытанне стаіць і ў нас. Нам таксама трэба інфраструктуру пляцоўкі выводзіць на сучасны ўзровень. Толькі новыя тэхналогіі і фінансавы рэсурс для іх ужывання могуць прывесці да таго, што ў Беларусі з’явяцца фэсты сусветнага ўзроўню.

Еўрарадыё: Я так разумею, што размова цяпер вядзецца пра фестываль “Мост”, але ён атрымаў нямала негатыўных водгукаў ды і прайшоў не так масава, як планавалі арганізатары!

Уладзімір Шаблінскі: Я не сачыў за водгукамі ў СМІ, у інтэрнэце, але калі і былі негатыўныя, то ўсім спадабацца немагчыма і не трэба! Палярныя погляды, іх абмеркавання і вядуць у выніку да прагрэсу. Арганізатары фэсту — прафесійная каманда, якая пачуе ўсе выказванні і наступным разам іх ужо не ўзнікне. Горш, калі б усім усё спадабалася, бо, хутчэй за ўсё, гэта прывяло б да яшчэ большага застою, чым ёсць у нас.

Еўрарадыё: Хутарам Шаблі вы паказалі беларусам, як можна рабіць фэсты на ўласнай зямлі. Ці не баіцеся, што хутка з’явіцца яшчэ некалькі пляцовак і ў вас будзе сур’ёзная канкурэнцыя?

Уладзімір Шаблінскі: Я вельмі спадзяюся, што яна пачне з’яўляцца! Часам, у межах парад па агратурызме я падарожнічаю па Беларусі, сустракаюся з гаспадарамі аграсядзіб па ўсёй краіне. У нас безліч хутароў, дзе жывуць ініцыятыўныя людзі, але, на жаль, яны гэтым не займаюцца. А толькі з канкурэнцыі і можа вырасці новы якасны прадукт. Мы ж, насамрэч, займаемся вясковымі святамі! На жаль гэтыя святы ў Малым Запруддзі (вёска, да якой прыпісаны хутар “Шаблі”, — заўв. Еўрарадыё) цэняцца і наведваюцца толькі жыхарамі гарадоў… дакладней, мегаполіса Мінск. У грамадстве існуе такі падзел: мясцовыя жыхары з асцярогай наведваюць нашы фэсты, бо лічаць, што зробленыя яны для мінчан. Я з гэтым змагаюся, як магу. Але дробныя святы невялікіх гарадоў зніклі. Заканадаўства даволі жорсткае і арганізацыя невялічкага вулічнага свята аднавяскоўцаў сутыкаецца з юрыдычнымі, фінансавымі і іншымі праблемамі. Гэтая традыцыя ў нашай краіне знікла, яе знішчылі стагоддзе таму, а мы яе спрабуем аднавіць.

У Еўропе фэсты акупляюцца за кошт вялікай колькасці пабочных прыбыткаў, у нас — толькі за прададзеныя квіткі.

 

Еўрарадыё: Узімку мы сустракаліся на курсах, дзе немцы распавядалі пра арганізацыю сваіх маленькіх фестываляў, ці прыжыўся еўрапейскі досвед на хутары “Шаблі”?

Уладзімір Шаблінскі: Акурат нядаўна мы вярнуліся з гэтага фестывалю, ён называецца Haldern Pop Festival. Праходзіць ён на ніжнім Рэйне, у такім жа, толькі нямецкім Малым Запруддзі. Безумоўна, ёсць вялікая розніца і ў менталітэце немцаў, і ў тэхналогіях, якімі валодае Еўропа, і ў насычанасці фінансавых і тэхнічных рэсурсаў... Але самае галоўнае, што мы зразумелі пасля паездкі, гэта тое, што мы рухаемся ў правільным накірунку. Там таксама людзі робяць вясковае свята для сябе і свайго маленькага горада. Горад Haldern налічвае 7 тысяч жыхароў, таму арганізатары фэсту прадаюць толькі 7 тысяч квіткоў і больш прадаваць не жадаюць! Па той жа прычыне — каб кожнаму наведвальніку было дастаткова ўвагі ад арганізатараў. Ім можна толькі апладзіраваць і, перш за ўсё, за тое, што галоўнае для іх — не атрыманне прыбытку, а, скажам, пачуцці чалавека! Прычым, ім не важна, музыка гэта гурта, што на галоўнай сцэне выступае, глядач ці валанцёр, які збірае паперкі на пляцоўцы. Для іх усе прысутнае на фэсце — роўныя.

Еўрарадыё: То бок, ваш падыход да колькасці наведвальнікаў атрымаў пазітыўны прыклад! А з тэхнічнага пункту гледжання што-небудзь заўважылі?

Уладзімір Шаблінскі: Мы прывезлі шмат тэхнічных і тэхналагічных ідэй. Але далёка не ўсе яны магчымыя ў нас. Для беларускіх арганізатараў акупляльнасць фэсту ў першую чаргу знаходзіцца ў квітках. То бок, прадаў дастаткова квіткоў — акупіў фестываль і, магчыма, нешта зарабіў, не — трэба даставаць грошы з уласнай кішэні. Гэта ўжо трыццаты фестываль, і арганізатары ўжо даўно зарабляюць грошы на пабочных рэчах. Напрыклад, у іх на фэсце няма пластыкавай тары ні пад нагамі ні ў сметніцах, бо яна прымаецца назад. То бок, бутэлька вады каштуе 1.5 еўра, але калі ты вяртаеш пустую тару, то атрымліваеш 50 еўрацэнтаў. У нас гэта адсутнічае. Вялікую колькасць грошай яны зарабляюць на трансляцыях. Фэст ужо выведзены на той узровень, калі тэлеканалы жадаюць трансляваць выступы гуртоў у эфіры. І вось вялікая колькасць гэтых пабочных невялічкіх прыбыткаў агулам даюць ім магчымасць акупіць гэты вельмі затратны і вельмі маштабны фестываль. Вось гэта нам трэба пераймаць, але пакуль нам да гэтага далёка па ўсіх параметрах.

Я ганаруся прапіскай у вёсцы Малое Запруддзе і тым, што плачу падаткі не ў бюджэт мегаполіса

 

Еўрарадыё: Працягваючы тэму, вяртанне “гастролек” паўплывае неяк на канцэртную дзейнасць, ці не?

Уладзімір Шаблінскі: Па-першае, мы яшчэ не пачалі з імі жыць. Указ набывае моц толькі 1-га верасня. Але ўжо ёсць шмат праблемных пытанняў, бо апроч вяртання гастролек за лета аб’ядналі ўпраўленне культуры і ўпраўленне ідэалогіі. То бок, раней паведамляць пра канцэрт ды атрымліваць гастрольныя пасведчанні трэба было ва ўпраўленнях культуры. Аддзелы ідэалогіі займаліся канцэртамі ўскосна. Ва ўпраўленні культуры ўжо ведалі арганізатараў, ведалі, як мусяць выглядаць дакументы, якія ім прыносяць, былі ўжо пэўныя ўсталяваныя ўзаемаадносіны. Упраўленне ідэалогіі цяпер пастаўленае перад фактам, што трэба атрымліваць новыя веды. Трэба пазнаваць арганізатараў, ведаць хто з іх добрапрыстойны, а з кім трэба быць напагатове. Вось з гэтым з’яўляецца шмат складанасцяў. А сам указ… калі ён набярэ моц, трэба будзе глядзець.

Таксама трэба быць гатовым да таго, што на рынку з’явяцца замежныя кампаніі, бо ўказ адкрывае для іх усе магчымасці. У нас з’яўляюцца новыя выклікі, і мы мусім быць да іх падрыхтаваныя. Бо знайсці недобрапрыстойнага беларускага арганізатара проста, а што рабіць, калі ён з якіх-небудзь Вяргінскіх астравоў. Ён абвесціць канцэрт вядомага выканаўцы, распаўсюдзіць квіткі, грошы паступяць на рахунак на тых жа Вяргінскіх астравах, але канцэрт так і не адбудзецца. А з іншага боку, мы мусім быць гатовыя да таго, што ў Беларусь прыйдуць буйныя канцэртныя пракатчыкі з Захаду, у якіх ёсць усе неабходныя тэхналогіі, вялізныя фінансавыя і іншыя рэсурсы, і ўсім беларускім арганізатарам, незалежна ад формы ўласнасці, стане крыху цяжэй працаваць. Але паўтаруся, што гэта канкурэнцыя, а адпаведна, гэта добра.

Еўрарадыё: А ці прасцей ладзіць канцэрты ды фестывалі пад Валожынам, маючы вясковую рэгістрацыю?

Уладзімір Шаблінскі: Маючы досвед арганізацыі канцэртаў па ўсёй краіне, пачынаючы з 90-х гадоў, магу сказаць, што людзі ў вясковай мясцовасці менш зацыкленыя і валодаюць большым часам. У Мінску працоўны дзень мусіць быць даўжэйшым, каб паспець усё тое, што за меншы час можна паспець бізнэсовец ці чыноўнік у маленькім горадзе. А калі ў іх больш вольнага часу, то адпаведна больш часу яны могуць аддаць табе і тваім пытанням. Таму ў Валожыне ўсё прасцей робіцца, і Валожын тут проста як прыклад маленькага горада.

Продаж алкаголю для мяне не самае галоўнае, спачатку хачу зрабіць радыё і тэлебачанне “Шаблі”

Еўрарадыё: А яшчэ хутар Шаблі атрымаў узнагароду за развіццё агратурызму і турызму ў Валожынскім раёне. Ці дало гэта нейкія дадатковыя паблажкі?

Уладзімір Шаблінскі: Дыплом і абеліск стаіць на паліцы, радуе позірк і ўсё. Безумоўна, радуе і тое, што наш сціплы ўнёсак у папулярызацыю Валожынскага раёна заўважылі. Я шчыра ганаруся тым, што ў мяне ў пашпарце стаіць штамп з прапіскай “вёска Малое Запруддзе” і я рад таму, што плачу падаткі не ў бюджэт мегаполіса, а ў бюджэт раёна. То бок, для мяне гэтая ўзнагарода — разуменне таго, што мая дзейнасць не застаецца незаўважнай тымі, хто тут жыве ўжо даўно.

Еўрарадыё: Можа, дзякуючы гэтай узнагародзе лягчэй будзе атрымаць дазвол на рэалізацыю алкаголю?

Уладзімір Шаблінскі: А я супраць моцнага алкаголю на фестывалях! Але гэта ўсё рэгулюецца законам аб масавых мерапрыемствах, паводле якога продаж алкаголю, а сюды, на жаль, трапляе і піва, забаронены на тэрыторыі і за 500 метраў ад яе. Калі піва ўсё ж рэалізуецца, то гэта ўжо паблажкі з боку дзяржавы пэўным арганізатарам. Можа, продаж піва і даў бы нам дадатковы прыбытак ад фэсту, але я не раблю стаўку на гэта. Перш за ўсё для мяне — нарошчванне інфраструктуры хутара. Напрыклад, хачу зрабіць он-лайн-радыё на хутары, так бы мовіць, тэлеканал “Шаблі” (некалькі экранаў на якіх будзе транслявацца пэўная карцінка). Так што, піва для мяне — не самае галоўнае.

Еўрарадыё: А прыватная ахова замест міліцыі?

Уладзімір Шаблінскі: Час ёсць! Магчыма, калі мы прыйдзем да 30-га фэсту, як той жа Haldern Pop Festival, то і ў нас будзе працаваць выключна прыватная ахова. А дзяржаўныя органы будуць прадстаўленыя адной машынай на ўваходзе (усміхаецца).

Калі ўсе з’язджаюць мне сумна, адчуванне, што нешта страціў!

Еўрарадыё: Як гэта, жыць на хутары і фактычна увесь час рыхтавацца да прыёму некалькіх тысяч чалавек, а потым прыбірацца за імі?

Уладзімір Шаблінскі: Мы ўжо прызвычаіліся да гэтага, перажылі гэта. Цяпер адчуванні кожны раз новыя, і вельмі шкада, калі людзі з’язджаюць. Яшчэ дзве гадзіны таму тут хадзіла дзве тысячы чалавек, а цяпер пра гэта нагадваюць толькі пратаптаныя сцежкі. Мне заўсёды сумна ў гэтыя моманты, адчуванне, што нешта страціў. Што тычыцца прыборкі, то гэта не складана, бо тэрыторыю мы прыбіраем самі, а далей ужо падключаем службы Валожынскага раёна.

Еўрарадыё: А некалькі дзён пастаяннага гоману…

Уладзімір Шаблінскі: Ну, мы ж чакаем фестывалю як свята! Мы да яго ставімся так жа, як і гледачы! Гэта ж магчымасць раз-два на год убачыцца з вялікай колькасцю прыемных людзей. Таму гоман, гук сцэн, машын — той адрэналін, за якім усе едуць на фэст, а мы іх робім.

Еўрарадыё: Ну, а мясцовыя жыхары?

Уладзімір Шаблінскі: Ім ужо падабаецца! На фестывальныя выходныя вёска поўная людзей. Збіраюцца сваякі з Маладзечна, з Валожына, у дварах усіх жылых дамоў Малога Запруддзя выстаўляюцца сталы, у іх таксама свята. Бліжэй да вечара яны пачынаюць рассаджвацца па навакольных узгорках і назіраць за ўсім, што адбываецца. Так што, ужо нармальна ўсё!

Еўрарадыё: А раней пытанні ўсё ж узнікалі?

Уладзімір Шаблінскі: Безумоўна. Уявіце вясковую дарогу, па якой ад самай раніцы і да вечара ідзе вялікая колькасць машын. Уздымаецца пыл, а мясцовыя людзі тым часам працуюць на агародах.Натуральна, такі дзень адрозніваецца ад любога іншага дня працы ў полі. Агрэсіі не было, але неразуменне, чаму менавіта тут усё гэта адбываецца, існавала. Але цяпер усе разумеюць агульны пазітыўны настрой усіх фэстаў, разумеюць, што гэта бяспечна, мінчане не дастаўляюць клопатаў (такое таксама прысутнічае), а адпаведна — цяпер ужо можна казаць пра тое, што мясцовыя жыхары нават задаволеныя. Калі ў нас быў пажар і згарэў дом, бабулі ў вёсцы плакалі і пыталіся, ці не з’едзем мы. Таму я ім тлумачыў, што хата на фэстах была патрэбная толькі як такая грымёрка для арганізатараў, а астатняе ўсё вогнішчам не закранула і ўсё працуе.

У адным з памяшканняў новага дома будзе музей хутара

 

Еўрарадыё: Дарэчы, што-небудзь змянілася ці зменіцца пасля пажару?

Уладзімір Шаблінскі: Страта старога дома для мяне і каманды хутара “Шаблі” — стымул паскорыцца і выходзіць на новы ўзровень. Мы будзем будаваць новы дом, на тым жа месцы але большага памеру. Каб ён адпавядаў большым задачам і патрабаванням для правядзення фэстаў і для іншай агратурыстычнай дзейнасці, якой мы займаемся паміж фэстамі. У адным з памяшканняў новага дома будзе музей хутара “Шаблі”, бо, на жаль, ужо ёсць што ўзгадваць (усміхаецца).

Еўрарадыё: На якой цяпер стадыі ўсё?

Уладзімір Шаблінскі: Пасля пажару зваліўся дах і заставаліся голыя абгарэлыя сцены. Але ўжо праз некалькі гадзін пасля з’яўлення інфармацыі пра пажар у сацыяльных сетках, на хутар прыехала шмат знаёмых і незнаёмых людзей, якія пачалі дапамагаць. Яны пілавалі, збіралі сажу, разбіралі сцены, мясцовыя прыязджалі на трактарах вывозілі ўсё… Я вельмі ўдзячны ўсім людзям, якіх нават не ведаю, і часам не паспяваў спытаць імя. Абсалютна не важна, колькі яны працавалі, 15 хвілін, ці некалькі сутак і з’язджалі пасля гэтага, але паклон ім усім. У выніку, папялішча за дзён пяць ператварылася ў будаўнічую пляцоўку. Апроч абгарэлых дрэваў нішто больш не нагадвае пра здарэнне. Цяпер будзем перарабляць, умацоўваць стары падмурак і будавацца.

Еўрарадыё: Да наступнага сезона здолееце?

Уладзімір Шаблінскі: Зыходзячы з тых прыбыткаў, што мы маем, відаць, будаўніцтва зацягнецца падаўжэй. Дарэчы, я вельмі ўдзячны ўсім, хто пералічвае грошы на дабрачынныя рахункі, там ужо назбіралася крыху больш за 19 мільёнаў рублёў, якія пойдуць на будаўніцтва. Прыбыткі з фэстаў, якія ладзяцца на хутары, таксама ідуць на будаўніцтва, ну, і мы атрымалі страхоўку, якую пусцім туды ж. Але я не маю ілюзій, бо стары дом мы перабудоўвалі цягам дзевяці гадоў.

На сёлетнім “Вольным паветры” ў нас з’явяцца бія-прыбіральні для інвалідаў-вазочнікаў, душы плануем на наступны сезон

 

Еўрарадыё: Што чакаць ад наступнага сезона на хутары “Шаблі?

Уладзімір Шаблінскі: Асноўны час наступнага лета, натуральна, пойдзе на будаўніцтва новага дома. Дакладна мы будзем працягваць два буйныя фэсты: The Beatles Shabli ды “Вольнае Паветра”. Наступны канцэртны сезон, магчыма, мы ўвогуле пачнём у траўні, трэба будзе па надвор’і глядзець. Даты наступнага “Вольнага паветра” вызначаюцца ўжо цяпер і, магчыма, ўжо на выходных на самім фэсце мы іх абвесцім. Сёлета мы не праводзілі фестываль “Шаманы Шаблі”, каб засяродзіцца на заканчэнні рэканструкцыі дома, які ў выніку згарэў… Магчыма, ў наступным годзе мы яго зноў правядзем, але гэта некамерцыйны фестываль, разлічаны на 300-500 чалавек. Гэты оўпэн-эйр для нас вельмі значны і рэзанансны, таму мы хацелі б яго правесці. А таксама паспрабуем вярнуць брэнд “Канцэрт на траве” і правядзем некалькі невялічкіх імпрэз.

Еўрарадыё: Ну і што новага чакаць на сёлетнім “Вольным Паветры”? Ці з’явіцца што-небудзь прынцыпова новае ў параўнанні з тым жа сёлетнім The Beatles Shabli?

Уладзімір Шаблінскі: Будуць дзве сцэны, адна ніжняя, вялікая і адна верхняя, маленькая. Гукавы ціск будзе ісці з гэтых дзвюх кропак. Традыцыйна, будзе шмат пабочных забаваў, як шэрагі з хэнд-мэйдам, ёга, капаэйра і г.д. Таксама са зменаў: прыедзе добрая колькасць людзей паглядзець на згарэлы дом (усміхаецца). Таму мы, як мінімум, на стэндзе ў якасці сценгазеты прэзентуем праект новага дома.

Еўрарадыё: Заязджаць, як і раней, можна ўжо ў пятніцу, так?

Уладзімір Шаблінскі: Так! Але гэтым разам мы падзелім кэмпінг для сямей з дзецьмі і без. Традыцыйна, наверсе тэмпература на некалькі градусаў вышэйшая, таму туды будзем засяляць сем’і з дзецмі, а ўнізе ўжо будзем сяліць астатніх. Пакінуць тэрыторыю хутара трэба да 18-й гадзіны ў нядзелю. Таксама будуць у нас курсаваць аўтобусы, іх лагістыку можна паглядзець на сайце.

Еўрарадыё: Ну, і на завяршэнне класічнае пытанне: Калі ў нас на оўпэн-эйрах з’явяцца душы?

Уладзімір Шаблінскі: Гэта паспрабуем зрабіць у наступным сезоне, а цяпер у нас з’явяцца бія-прыбіральні для інвалідаў-вазочнікаў. Пакуль гэта ўсё, што мы можам сабе дазволіць.

Падрабязней пра тое, што будзе адбывацца 24 жніўня на фестывалі “Вольнае паветра”, можна даведацца тут ды на сайце хутара “Шаблі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі