Уладзімір Румл: Магу вас запэўніць, што пра Беларусь не забуду

На гэтым тыдні з'язджае Часовы Павераны ў справах Чэшскай Рэспублікі ў Беларусі Уладзімір Румл. Напярэдадні свайго ад'езду спадар Румл у эксклюзіўным інтэрв'ю Еўрарадыё падзяліўся сваімі ўражаннямі пра Беларусь і адзначыў, што досвед, набыты ў нас, спатрэбіцца яму і ў будучыні. - Спадар Румл, за 4 гады Вашай працы ў Беларусі ў эканамічнай і палітычнай сферах жыцця краіны адбылося шмат зменаў. Ці бачыце Вы нейкую пазітыўную дынаміку ў гэтых зменах, і калі бачыце, то ў чым яна?

- За гэты час у Беларусі адбыліся і негатыўныя, і пазітыўныя змены. Найбольш важкія негатыўныя змены ў палітычнай сферы - гэта рэферэндум 2004 года, які скасаваў абмежаванні па колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў, а таксама вынікі так званых прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Негатыўная змена з эканамічнага пункту гледжання - гэта павышэнне ўдвая кошту расійскага газу ў 2007 годзе. Гэта стала цяжкім выпрабаваннем для беларускіх уладаў, хоць у канцы 2007 года Расія дала Беларусі стабілізацыйны крэдыт. Цана на газ сёлета - надзіва нізкая. На маю думку, гэта паказвае, што ў Расіі няма ніякай палітычнай матывацыі аказваць ціск на беларускі рэжым.

Пазітыўнай зменай можна назваць адмену "залатой акцыі". Я думаю, што ў будучыні беларускай эканамічнай мадэлі давядзецца адаптавацца да расійскай, што магло б быць даволі пазітыўным фактарам.

- Чэшская Рэспубліка знаходзіцца ў дзясятцы найбольш наведвальных краін у свеце. А ці знайшлі Вы ў Беларусі нейкія месцы, дзе Вам спадабалася, куды Вы хацелі б вярнуцца?

- Так, у мяне ёсць на прыкмеце некалькі добрых месцаў. Кожны, хто жыве за мяжой, мае такія месцы... У будучыні я б хацеў вярнуцца на Мінскае мора, ізноў наведаць Мірскі замак, а таксама завітаць у чэшскую амбасаду ў Мінску. І, канешне, я ніколі не забуду ахвяраў савецкага часу ў Курапатах пад Мінскам.

- Якую ацэнку Вы маглі б паставіць вынікам уласнай працы ў Беларусі?

- Я думаю, што амбасада справілася з сваімі абавязкамі і задачамі. У мяне былі добрыя, сяброўскія кантакты з калегамі з дыпламатычных місій краін ЕС і ЗША. У мяне таксама былі добрыя кантакты з амбасадарамі Украіны, Ізраіля, Індыі, а таксама некаторымі беларускімі апазіцыйнымі лідэрамі - напрыклад, са спадарамі Лябедзькам, Вячоркам і спадаром Мілінкевічам...

- Якія падзеі за гэтыя 4 гады запомніліся Вам найбольш?

- Цяжка сказаць. Але што тычыцца грамадскіх падзеяў, то я ніколі не забуду некаторыя дэманстрацыі на вуліцах Мінска, асабліва пратэст маладых людзей на Кастрычніцкай плошчы ў сакавіку 2006 года.

- Абапіраючыся на досвед працы і ў Бруселі, і ў Мінску, што б Вы маглі параіць таму, хто заменіць вас на пасадзе кіраўніка чэшскай амбасады ў Беларусі, для паспяховай працы?

- Я хацеў бы пажадаць яму быць смялейшым, але ў той жа час асцярожным; клапаціцца пра грамадзянскія свабоды і дэмакратыю. Ставіцца да ўсіх па-сяброўску, але перш за ўсё абараняць справядлівасць. І нарэшце, я пажадаў бы яму добра трымацца.

- Якія ў Вас самога планы на будучыню? Чым Вы будзеце зараз займацца? Ці будзеце прымяняць досвед працы ў Беларусі ў далейшым жыцці?

- Праца ў Беларусі для мяне была цудоўным досведам. Яна дала магчымасць пабачыць працу заходніх дыпламатаў з дэмакратычных краінаў ва "ўсходняй" краіне і паўдзельнічаць у гэтай працы. Гэты досвед мне спатрэбіцца і ў будучыні. Я вельмі хутка вярнуся ў Прагу, дзе буду паслом па спецыяльных даручэннях чэшскага міністэрства замежных спраў. Магу вас запэўніць, што я заўсёды буду трымаць Беларусь у полі зроку і ніколі пра яе не забуду.

- Як Вы думаеце, што трэба зрабіць беларускаму ўраду, каб павысіць узровень прадстаўленасці Чэхіі ў Беларусі? Цяпер дыпмісію ў нашай краіне ўзначальвае Часовы Павераны, а не амбасадар...

- Пакуль што мы будзем захоўваць статус нашага прадстаўніцтва на ўзроўні Часовага Паверанага... Я не думаю, што ў бліжэйшай будучыні ў нас будзе амбасадар у Беларусі. Гэта звязана са станам нашых узаемаадносінаў і з палітычнай сітуацыяй у Беларусі.
З іншага боку, я лічу, што такога прадстаўніцтва дастаткова для падтрымання добрага ўзроўню стасункаў. З наступнага, 2009 года Чэхія будзе краінай-старшынёй Еўрасаюза, і я ўпэўнены, што няма ніякіх перашкодаў на дыпламатычным узроўні для таго, каб мы маглі як мае быць прадстаўляць у Беларусі інтарэсы ўсіх краінаў ЕС.

Фота: "БелГазета"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі