Уладзімір Арлоў напісаў адкрыты зварот начальнікам беларускіх турмаў

110805 Arlou_site.mp3

Еўрарадыё: Вы спадзяецеся, што пасля вашых лістоў нешта зменіцца ў галовах гэтых начальнікаў?

Арлоў: Я спадзяюся на гэта, інакш я б не пісаў гэты ліст. Я думаю, што ў кожнага з іх, няхай у глыбіні душы, няхай спіць, але ўсе ж жывое яшчэ сумленне ці ягоныя рэшткі. Каб прачнулася гэтае сумленне, каб яно загаварыла гучней, каб гэта адлюстравалася ва ўчынках, у загадах гэтых начальнікаў турмаў - на гэта ў мяне ёсць спадзяванне.
Еўрарадыё: Лічыцца, калі такія лісты падпісвае шмат вядомых людзей, то гэта нібыта павінна мець большы уплыў, чым, калі вы вырашылі асабіста ад сябе даслаць такі ліст?
Арлоў: Ведаеце, я не днямі гэты ліст напісаў. Я напісаў яго сёння раніцай, і калі нехта захоча паставіць свой подпіс пад гэтым лістом, я абсалютна не буду супраць, але я думаю, што няхай бы людзі пісалі свае лісты, людзі асабліва вядомыя ў Беларусі. Хай бы кожны напісаў ад свайго імя зварот, знайшоў бы іншыя аргументы, не такія, як у мяне, распавёў бы іншыя прыклады. Можа, гэта б таксама дапамагло тым, хто цяпер ў няволі.
Еўрарадыё: Гэты ліст вы пішаце ўсе ж службовай асобе. Па адпаведным законе, цягам некалькіх дзён вам гэтая службовая асоба павінна на ваш ліст адказаць, ці чакаеце вы адказаў?
Арлоў: Гэты ліст мае адкрыты характар. Безумоўна, грамадскія арганізацыі, паплечнікі таго ж Змітра Дашкевіча з “Маладога фронту” накіруюць гэты ліст разам, я спадзяюся, з іншымі лістамі на канкрэтны адрас, і тады можна будзе чакаць нейкага адказу. Сам я рассылаць гэтыя лісты не буду. Я абсалютна ўпэўнены, што мае адрасаты даведаюцца пра яго. Я ведаю, што яны сочаць за тым, што піша пра іх не толькі афіцыйная прэса. Зрэшты, афіцыйная прэса пра іх не піша, як і пра тых, хто цяпер за кратамі.

Тэкст ліста Уладзіміра Арлова (апублікаваны на svaboda.org)


Начальніку горацкай калёніі

начальніку наваполацкай калёніі 

начальніку івацэвіцкай калёніі 

начальніку магілеўскай калёніі 

начальніку бабруйскай калёніі 

і ўсім начальнікам перапоўненых калёній і турмаў Беларусі


 Грамадзяне начальнікі!
 Мне ня хочацца думаць, што вы зь дзяцінства марылі стаць начальнікамі турмаў. Напэўна, так склаліся абставіны. Магчыма, кагосьці з вас проста прымусілі. Трэба ж некаму рабіць самую чорную працу.
 Часам я спрабую паставіць сябе на вашае месца. Напрыклад, думаю, што б я адказаў спадарожніку ў цягніку ці самалёце на пытаньне, кім працую. Дырэктарам гатэлю? Інжынэрам чалавечых душ? Ці хапіла б у мяне сьмеласьці прызнацца, што я – начальнік беларускай турмы?
 У абыватальскай сьвядомасьці яшчэ не памерла даўно загнаная туды думка, што невінаватага ў турму не пасадзяць. Але каму, як ня вам, выдатна вядома, што гэта хлусьня. У розныя часы за краты траплялі ня толькі абсалютна невінаватыя людзі. Вельмі часта там апыналіся лепшыя. Яны былі вінаватыя ў тым, што хацелі свабоды, сьвятла, праўды не для сябе, а для ўсіх, для цэлай краіны. Потым іх лічылі гонарам нацыі, іхнімі імёнамі называлі вуліцы й плошчы, ім ставілі помнікі.
 Вы, пэўна ж, ведаеце, што некалі вязьнем менскага Пішчалаўскага замку — цяперашняй Валадаркі — быў малады Якуб Колас. А за паўстагодзьдзя да яго там сядзелі паплечнікі Кастуся Каліноўскага, удзельнікі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863 году. Вы павінны ведаць і пра тых, хто быў зьняволены ў сумна, а дакладней, страшна вядомай “амэрыканцы” ў 1930-я гады.
 Там катавалі й разлучалі з жыцьцём самых таленавітых, сумленных, адданых Беларусі.
 Калісьці мяне запрасілі выступіць перад сябрамі “Маладога Фронту”. Мы гаварылі пра літаратуру і гісторыю. На сьцяне быў напісаны дэвіз маіх слухачоў – “Беларусь – гэта сьвятое”. Я спрабую ўявіць, які дэвіз у тых, хто праз два дні рэзаў дзьверы той кватэры аўтагенам і заганяў Зьмітра Дашкевіча, Насту Палажанку ды іхніх аднадумцаў у аўтазак.
 Я кожны дзень думаю пра тое, што адбываецца ў гэтыя хвіліны зь Зьмітром Дашкевічам, Мікітам Ліхавідам, якога зноў і зноў кідаюць у карцэр, зь Фёдарам Мірзаянавым і Зьмітром Драздом, зь Міколам Статкевічам і Андрэем Саньнікавым… Нядаўна ў прэсе зьявілася паведамленьне, што палітвязьня Зьмітра Бандарэнку ў карцэры садзілі на ланцуг. Гэтага моцнага, вольналюбівага, мужнага чалавека хацелі прынізіць да ўзроўню сабакі. Але турэмшчыкі прынізілі не яго, а – у чарговы раз – сябе.
 Я ўпэўнены, што ўлада, якая прыйдзе на зьмену цяперашняй, саджаць сваіх апанэнтаў на ланцуг ня будзе. Але адказваць давядзецца. Падумайце пра гэта, грамадзяне начальнікі, сёньня, калі ў вашых руках чалавечая годнасьць, здароўе, а магчыма, і жыцьцё тых, чые імёны ведае ня толькі Беларусь, але і ўвесь свабодны сьвет.
 Уладзімер Арлоў, пісьменьнік

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі