Улады выдаткуюць $500 млн на спробу зрабіць дзяржСМІ папулярнейшымі

Большая частка грошай пойдзе на тэлебачанне / калаж Еўрарадыё​
Большая частка грошай пойдзе на тэлебачанне / калаж Еўрарадыё​

Урад прыняў дзяржпраграму "Масавая інфармацыя і кнігавыданне" на 2021–2025 гады. Але асноўны ўпор (у тым ліку і ў фінансаванні) робяць на дзяржСМІ, а не на кнігавыданне.

Еўрарадыё вывучыла праграму і паспрабавала зразумець, навошта ўлады гатовыя ўкласці ў рэалізацыю гэтай праграмы больш за 1,2 мільярда (!) рублёў.

ДзяржСМІ супраць сіл зла

"Тэлевізійныя і радыёвяшчальныя СМІ, нягледзячы на развіццё сеткі Інтэрнэт, застаюцца самым масавым сродкам камунікацыі, што дазваляе ім актыўна рэалізоўваць дзяржаўную інфармацыйную палітыку", — нясціпла паведамляюць аўтары дзяржпраграмы.

Нагадаем: па выніках апытання Pact, інфармацыю пра сітуацыю ў краіне і свеце дзякуючы ТБ даведваюцца 54% беларусаў, з дапамогай інтэрнэту — 50,3%. Зрэшты, апытанне праводзілася ў 2019-м. Цалкам магчыма, што з часам (а асабліва пасля пачатку палітычнага крызісу) сітуацыя змянілася.

На змяненне пераваг паказваюць і звесткі Sociolytics: 54,3% беларусаў аддаюць перавагу незалежным СМІ і толькі 29,4% — дзяржаўным, а астатнія 16,3% выкарыстоўваюць абедзве крыніцы. На момант апытання (яно праходзіла восенню) 43,3% жыхароў краіны наогул не глядзелі дзяржТБ.

Ёсць ва ўступе ў праграму яшчэ адзін цікавы тэзіс:

"Менавіта дзяржаўныя СМІ павінны выступіць у якасці галоўнага суб'екта інфармацыйнага процідзеяння дэструктыўнаму ўплыву ў новых інфармацыйных асяроддзях. Адным з рашэнняў гэтай праблемы становіцца з'яўленне новых дзяржаўных сеткавых выданняў, а таксама стварэнне дадатковых каналаў распаўсюджвання інфармацыі традыцыйнымі СМІ".

 

На гэта ўсё ўлады выдаткуюць 1,218 мільярда рублёў за пяць гадоў, прычым з кожным годам траты на дзяржпраграму будуць толькі павялічвацца. Калі перавесці гэту суму па сённяшнім курсе долара — гэта больш за $500 мільёнаў. Грошы знайшліся нават з улікам дэфіцытнага бюджэту.

Давярайце, ну калі ласка!

У дзяржпраграме паказалі канкрэтныя мэты, якіх хочуць дамагчыся за гэтыя грошы.

Напрыклад, Мінінфарм цяпер адказвае за тое, каб да 2025 года давер да дзяржСМІ вырас да 43%. Па версіі чыноўнікаў, сёлета ён складае 40% — як мы ведаем са згаданага вышэй апытання, гэта не зусім так.

Доля нацыянальнага кантэнту ў эфіры дзяржТБ павінна павялічыцца з 30% да 34%. Гэта значыць, і праз пяць гадоў тэлеканалы плануюць на дзве траціны запаўняць эфір замежнымі прадуктамі.

Вядома, грошы пойдуць і на дапамогу рэдакцыям, "умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы", а таксама на анлайн-прасоўванне і "нарошчванне актыўнасці ў сацыяльных сетках і месенджарах".

Крыніцы фінансавання — Мінінфарм, мясцовыя бюджэты, а яшчэ Кіраўніцтва справамі прэзідэнта і (раптам) Мінабароны. Частку грошай накіруе на праграму Белтэлерадыёкампанія — зрэшты, яна ўсё роўна фінансуецца з бюджэту, таму гэта будуць тыя ж бюджэтныя грошы. І ўсё гэта пойдзе на тое, каб мы пачалі больш любіць БТ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі