Улады Турцыі ператварылі сабор Святой Сафіі ў мячэць

Улады Турцыі ператварылі сабор Святой Сафіі ў мячэць

Улады Турцыі ператварылі сабор Святой Сафіі ў Стамбуле, які ўваходзіць у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА, у мячэць, паведамляе "Бі-Бі-Сі". З 1935 года старажытны храм меў статус музея. Аднак пастанова ўраду аб прысваенні такога статуса была адменена Дзяржсаветам Турцыі. Цяпер сабор зарэгістраваны выключна як мячэць. 15 ліпеня там будзе вялікая малітва.

Турцыя не звярнула ўвагі на шматлікія звароты палітыкаў, рэлігійных дзеячоў, грамадскіх арганізацый з усяго свету, якія выступалі супраць пазбаўлення храма статуса музея. Яны падкрэслівалі, што Святая Сафія належыць усяму чалавецтву. Аднак МЗС Турцыі заявіў, што іх краіна можа змяніць статус сабора, не зважаючы на меркаванні іншых краін.

Пра тое, што сабор можа перастаць быць музеем, яшчэ летась заявіў прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган. Мяркуецца, што гэта быў адказ на прызнанне Вашынгтонам Іерусаліма сталіцай Ізраіля.

Святая Сафія знаходзіцца ў гістарычным цэнтры Стамбула і прыцягвае турыстаў з усяго свету. У цяперашнім выглядзе храм пабудавалі ў шостым стагоддзі нашай эры. Пасля захопу Канстанцінопаля ў 1453 годзе туркамі сабор пераўтварылі ў мячэць. Да яго прыбудавалі мінарэты. Аднак у 1935-м турэцкі лідар Кемаль Атацюрк спецыяльным дэкрэтам пераўтварыў мячэць у музей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі