Уладальнік БЧБ-кебабнай з Ваўкавыска страціў бізнес і з сям'ёй паехаў у Германію

Ад ваўкавыскага "астраўка дэмакратыі" засталіся толькі фотаздымкі / Еўрарадыё​
Ад ваўкавыскага "астраўка дэмакратыі" засталіся толькі фотаздымкі / Еўрарадыё​

Уладальнік кебабнай з Ваўкавыска пазбавіўся бізнесу праз сваю грамадзянскую пазіцыю: ціск з боку чыноўнікаў вымусіў яго эміграваць у Германію.

За два гады да таго Аляксандр Навасад быў аблашчаны ўладамі і нават атрымаў субсідыю на развіццё бізнесу. А цяпер прадпрымальнік у няміласці.
 

"Пятачок дэмакратыі ў цэнтры Ваўкавыска"

Аляксандр Навасад па адукацыі эканаміст. У 2018 годзе ён напісаў бізнес-план кебабнай і прайшоў сумоўе ў гандлёвым аддзеле Ваўкавыскага райвыканкама. А потым звольніўся і папрасіў дапамогі па праграме садзейнічання беспрацоўным у арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. Камісія аднагалосна ўхваліла субсідыю ў 1000 долараў.

— Першы пункт адкрылі ў лістападзе 2018 года. Не ведаю, з якой прычыны, але адразу да мяне прыехалі з СТБ, знялі ролік пра тое, што ў малых гарадах развіваецца прадпрымальніцтва. Маўляў, усё выдатна, людзі добра жывуць. Потым яшчэ і ў мясцовай газеце напісалі артыкул, што дзякуючы дзяржаве развіваецца прадпрымальніцкая дзейнасць.

У свой павільён я ўклаў каля шасці тысяч долараў, і гэта не лічачы куплі самога павільёна, які ў 2018 годзе каштаваў дзевяць тысяч даляраў, — расказвае Аляксандр.

Владелец БЧБ-кебабной из Волковыска лишился бизнеса и с семьёй уехал в Германию
Аляксандр Навасад / Скрыншот з відэа СТБ

Пазней выйграў тэндар на другі пункт, у самым цэнтры горада. Паставіў павільён, які сам зрабіў. Атрымаў дазвол у райвыканкаме на афарбоўку — ён у мяне быў у бел-чырвона-белых колерах. У Ваўкавыску ўсе ведаюць маю пазіцыю, я адкрыта вывешваў БЧБ-сцяг — гэта не забаронена, гэта наша гістарычная сімволіка.

Шаверма, кава, хот-догі — усё было вельмі смачна, пакуль у траўні я не акрэдытаваўся ў ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі.
 

"Праверка без знойдзеных парушэнняў — дрэнная праверка"

Владелец БЧБ-кебабной из Волковыска лишился бизнеса и с семьёй уехал в Германию
БЧБ-кебабная Аляксандра Навасада / Еўрарадыё

З лістапада 2018 да лета 2020 года пытанняў да ўстаноў Аляксандра ў адміністрацыі Ваўкавыска не было.

— Па падатках не было пытанняў ні разу. У 2019 годзе прыходзіла адзін раз санстанцыя. У нас калі прыходзіць праверка і не знаходзіць парушэнняў — гэта дрэнная праверка. І ведаеце, як яны кажуць? "Ну вы ж разумееце, мы не можам сысці ад вас, каб не пакараць. Давайце што-небудзь вам напішам". Напісалі, што пры распакоўванні каўбасак не стаіць дата распакоўвання. Страшнае парушэнне. Выпісалі тады штраф.

Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года Аляксандр збіраў подпісы за Віктара Бабарыку і зарэгістраваўся назіральнікам на выбарчым участку. Гэта скончылася арыштам па артыкуле 23.4 КаАП — за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню службовай асобы.

— Старшыня выбарчай камісіі выклікала на мяне міліцыю, маўляў, я перашкаджаў ёй працаваць. Хоць я не перашкаджаў, я быў назіральнікам і павінен быў прысутнічаць на ўчастку. Далі дзесяць сутак.
 

Тут жа трапіла пад раздачу БЧБ-кебабная

— Другога кастрычніка мне даслалі дамову аб спыненні арэнды. У гэты ж дзень прыйшла санстанцыя. Я зразумеў, што жыцця мне не дадуць. Далі штраф — 560 рублёў, і яшчэ намякнулі, што хутка прыйдзе падатковая, МНС і ўсе астатнія.

У дамове аб арэндзе зямельнага ўчастка быў прапісаны пункт пра тое, што Ваўкавыская камунальная гаспадарка можа на працягу месяца адабраць выдзеленую мне пляцоўку "для ўласных патрэб". Пятага лістапада ўсё канчаткова вывезлі, і цяпер на месцы павільёнчыка нічога няма.

Владелец БЧБ-кебабной из Волковыска лишился бизнеса и с семьёй уехал в Германию
Аляксандр Навасад з сям'ёй / Еўрарадыё

Тое, што да Аляксандра прыходзілі з ваўкавыскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі з пастаяннымі праверкамі і "не давалі жыцця", у самім ЦГіЭ адмаўляюць.

— Гэта няпраўда, — адказваюць Еўрарадыё ў санстанцыі.

Аляксандру 42 гады, ён жанаты, у яго двое непаўналетніх дзяцей. 20 кастрычніка прадпрымальнік разам з сям'ёй паехаў у Германію і цяпер чакае палітычнага прытулку.

— На мяне завялі адміністрацыйную справу па артыкуле 17.1. А ў твар сказалі: "Ты ў нас змагаром не будзеш, гэта дробнае хуліганства. А далей пойдзеш па крымінале".

Вяртацца ў Беларусь мы не можам. Нам давялося кінуць бізнес: мне грамадскае харчаванне, а маёй жонцы бізнес па дзіцячым адзенні. Жонцы давялося закрыцца, таму што пачаліся праверкі: то санстанцыя, то няма сертыфікатаў. Жонка пытаецца, а дзе браць гэтыя сертыфікаты? Нам адказваюць: "Не ведаем". А як нам жыць?

Пакуль мы атрымліваем статус уцекачоў, дапамогі нам не даюць. Але мы тут на поўным забеспячэнні, нас кормяць, мы знаходзімся ў інтэрнаце ў добрых умовах. Чакаем, калі пацвердзіцца наш статус.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі