Украінскія "кібаргі" паранілі камандзіра баевікоў "Матаролу"

Украінскія байцы адбілі чарговую атаку баевікоў на данецкі аэрапорт. Пра гэта паведаміў спікер Антытэрарыстычнай аперацыі Уладзіслаў Селязнёў.

"Сёння баевікі ў чарговы раз абстрэльвалі пазіцыі сіл АТА ў данецкім аэрапорце, — цытуе словы Селязнёва УНІАН. — Агнём у адказ па падраздзяленню баевікоў, якое ішло ў атаку на чале з тэрарыстам Матаролай, украінскія байцы знішчылі 23 баевікоў. 27 чалавек атрымалі раненні. Аўтамабіль аднаго з лідараў падраздзялення "Спарта" "Матаролы" быў цалкам знішчаны. Сам "Матарола" атрымаў аскепкавае раненне".

Пра тое, што ўкраінскія "кібаргі" паранілі "Матаролу", паведаміў у Facebook адзін з абаронцаў данецкага аэрапорта з пазыўным "Маршал". З іншых крыніц вядома, што "Матаролу" выратавала бронекамізэлька — аскепак ад 152 мм снарада трапіў яму ў грудзі.

Нагадаем, "Матарола" — пазыўны расійскага найміта Арсеня Паўлава (1983 года нараджэння). У 2012-м годзе ён прыцягваўся да крымінальнай адказнасці ў Расіі за крадзеж аўтамабіля. У Растове-на-Доне ў "Матаролы" засталася жонка, аднак на Данбасе ён узяў шлюб з мясцовай жыхаркай. Спачатку баявік ваяваў пад Славянскам, пазней лячыўся пасля ранення ў Крыме і зноў вярнуўся ў Данецк.

На здымку з архіву "Матарола" (злева) разам з адным з лідараў данецкіх баевікоў Губаравым. Фота з сацыяльных сетак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі