Вы тут

Украінец Alexeev хоча ехаць на “Еўрабачанне” ад Беларусі. Беларусы ў шоку

Фота Еўрарадыё

Белтэлерадыёкампанія завяршыла прыём заявак на "Еўрабачанне-2018". Пакуль атрымана каля 40 бандэроляў, але іх будзе болей. 

"Белтэлерадыёкампанія адводзіць люфт з некалькіх дзён, каб усе адпраўленыя ва ўстаноўленыя тэрміны заяўкі паспелі паступіць на адрас медыяхолдынга і былі разгледжаныя арганізатарамі адбору, — кажуць у прэс-службе кампаніі. — Сярод тых, чые заяўкі ўжо прынятыя, — неаднаразовыя ўдзельнікі нацыянальных адбораў: Жанет, ALEN HIT, KATTIE, гурт PROVOCATION, Аляксандра Ткач і іншыя".

Заяўкі ад артыстаў, якія працуюць з вядомымі расійскімі прадзюсарамі, 27 снежня яшчэ не паступалі. Але, напрыклад, Віктар Дробыш дакладна пацвердзіў, што не будзе ўдзельнічаць у беларускім адборы на "Еўрабачанне-2018":

"Чакаю, калі Зене (беларускай спявачцы, якой займаецца Дробыш. — Еўрарадыё) споўніцца 16 гадоў. У наступным годзе пададзімся", —кажа прадзюсар у размове з Еўрарадыё. 

 

Філіпа Кіркорава на нацыянальным адборы таксама не будзе, бо, як вядома, пад "сяброўскай краінай" ён меў на ўвазе зусім не Беларусь, а Азербайджан. А вось беларус Кірыл Гуд, ён жа Ермакоў, які супрацоўнічае з Іосіфам Прыгожыным і піша песні для Валерыі, удзельнічаць у адборы будзе: тызер яго песні для “Еўрабачання” ўжо апублікаваны. 

Але, аказваецца, паніку ў беларускіх артыстаў выклікае не Гуд з Прыгожыным, а Мікіта Аляксееў, ён жа вядомы поп-спявак Alexeev. Украінскі артыст неаднойчы збіраў мінскі Prime Hall, потым пасварыўся з прадзюсарам Русланам Квінтам і раптам падаў заяўку на ўдзел у "Еўрабачанні" ад Беларусі.

"Цяпер незразумела, ці ёсць увогуле сэнс удзельнічаць у адборы, магчыма, мы ўвогуле заяўкі адклікаем, — расстройваецца прадзюсар Napoli i Alen Hit Аляксандр Слуцкі. — Беларусы, натуральна, за яго прагаласуюць, бо ім галоўнае — вядомае імя, у якога мільёны падпісчыкаў. Але больш важна, не як прагаласуюць людзі, а як прагаласуе журы. Я катэгарычна супраць адкрытага адбору, якім з'яўляецца беларускі адбор — прыязджай — не хачу. Нейкая пераможца кучы конкурсаў з Таджыкістана падалася! Зараз наляцяць... Атрымліваецца, што беларускія артысты год збіраюць грошы на гэты адбор, каб потым тры хвіліны пабыць у эфіры? Гэта бессэнсоўна".

 

Сярод песень, якія прагучаць у адборы, ужо можна паслухаць трэкі Анжалікі Пушновай, Июль, Pauline, Alen Hit.

Па інфармацыі Еўрарадыё, бліжэй да адбору, які адбудзецца ў Белтэлерадыёкампаніі 11 студзеня, свае песні прадставяць Гюнеш (трэк, створаны аўтарамі Abba i Army of loves), Napoli (песня напісаная брытанскімі сонграйтарамі), Аляксей Грос, Shuma.

Дарэчы, лідарка Shuma Руся Шукюрава стане госцяй "Афішы" на Еўрарадыё 28 снежня ў 14.00. Задавайце пытанні спявачцы! За лепшае — прыз ад крамы symbal.by.

Шмат інфармацыі пра патэнцыйных удзельнікаў нацыянальнага адбору і іх конкурсныя песні можна знайсці на афіцыйнай старонцы клуба "OGAE Belarus"

"Як мне падаецца, адбор будзе некалькі мацнейшым, чым мінулагодні, таму што большасць удзельнікаў з досведам, склад падбіраецца вельмі цікавы, — разважае прэзідэнт "OGAE Belarus" Павел Марозаў. — Натуральна, што пакуль рана казаць і судзіць пра нешта на аснове 12-ці апублікаваных трэкаў. Але, мяркую, фінал будзе яскравым". 

Фінал нацыянальнага адбору пройдзе 1 сакавіка.

 

Ніжэй — трэкі, якія ўдзельнічаюць у сёлетнім нацыянальным адборы.