Украіна не далучыцца да NATO — Залужны
Валерый Залужны / PAP
Украіна ніколі не далучыцца да NATO. Такое меркаванне былы галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны, а цяпер амбасадар Украіны ў Вялікабрытаніі Валерый Залужны выказаў падчас сустрэчы амбасадараў у Кіеве, піша Rzeczpospolita.
"Цягам прыкладна 12 гадоў я асабіста працаваў над тым, каб мы перанялі стандарты Альянсу, і кожны год чуў, што мы ўжо блізкія да ўступлення ў NATO. На жаль, мы ніколі да яго не далучымся", — заявіў Залужны.
Адной з перашкод на шляху Украіны ў NATO ён назваў мадэль дзейнасці арганізацыі, якая не адпавядае рэаліям сучаснай вайны. Таксама ён дадаў, што NATO грунтуецца на рашэннях, прынятых яшчэ ў часы Другой сусветнай вайны, а ўкраінскае войска ўжо мае досвед вядзення сучаснага ўзброенага канфлікту.
Разам з тым Залужны падкрэсліў, што Украіне патрэбныя тэхналогіі, якімі валодаюць краіны NATO — у прыватнасці, у сферы супрацьракетнай абароны, касмічных магчымасцяў і перадавых ваенных сістэм.
Замену Паўночна-атлантычнаму альянсу Залужны бачыць у стварэнні Еўрапейскага блоку бяспекі: "Украіна далучыцца да блокаў і саюзаў, якія, верагодна, будуць створаныя. Хутчэй за ўсё, гаворка пойдзе пра Еўрапейскі ваенны блок бяспекі".