Украіна дазволіла толькі палову палётаў для “Белавіа”

“Белавіа” атрымала дазвол ад авіяцыйных уладаў Украіны на выкананне толькі сямі рэйсаў на тыдзень замест чатырнаццаці, як гэта прадугледжвае міжурадавае пагадненне. Не ўзгодненыя нават тыя рэйсы, на якія прадаваліся білеты. Пры гэтым усяго некалькі гадзінаў таму Кіеў не ўзгадніў ніводнага рэйсу па запыте беларусаў. Толькі пасля інфармацыйнай хвалі ў соцсетках і СМІ ўкраінцы зацвердзілі сем рэйсаў.

Інфармацыю пра фактычнае спыненне авіязносінаў паміж Беларуссю і Украінай “Белавіа” размясціла сёння а пятай вечара на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Паводле гэтага паведамлення, кампанія не атрымала дазволу на рэйсы па маршруце Мінск — Кіеў — Мінск, запыт на якія “Белавіа” накіравала перад пачаткам летняга сезону. Авіязносіны паміж Мінскам і Кіевам з 29 сакавіка маглі спыніцца.

Аднак неўзабаве пасля гэтай інфармацыі Кіеў даў частковы дазвол на палёты рэйсаў з Мінска. З чатырнаццаці частотаў, прадугледжаных спецыяльным міжурадавым пагадненнем, Украіна ўзгадніла толькі сем. Цяпер беларусы павінны будуць выбіраць, якія частоты пакінуць. “Белавіа” ўжо заявіла, што пасажырам вымушана адмененых рэйсаў вернуць грошы за квіткі без камісіяў.

Тым часам кіраўнік Дзяржаўнай авіяцыйнай службы Украіны Дзяніс Антанюк пракаментаваў TUT.by сітуацыю з гэтымі рэйсамі. Паводле яго інфармацыі, украінскі перавозчык для аднаўлення парытэту папрасіў слоты і дазволы на выкананне 14 рэйсаў. Пакуль Кіеў атрымаў 7 дазволаў з запытаных і яшчэ 7 — з нязручным для палётаў часам.

Калі Мінск зацвердзіць іх запыты, то ўкраінскія авіяцыйныя ўлады гатовыя пацвердзіць палёты “Белавіа” “хоць сёння”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі