Украіна адмовілася ад электраэнергіі з Беларусі

Украіна адмовілася ад электраэнергіі з Беларусі

Украіна цалкам адмовілася ад далейшых паставак электраэнергіі з Беларусі і Расіі. Міністэрства энергетыкі і аховы наваколля Украіны перагледзела прагнозны баланс электраэнергіі на 2020 год, перадае Радыё "Свабода" са спасылкай на дакумент, які апынуўся ў распараджэнні журналістаў. 

Агульны аб’ём паставак электраэнергіі з Беларусі ва Украіну ў 2020 годзе запланаваны на ўзроўні 150 мільёнаў кілават-гадзін. Гэтыя пастаўкі адбыліся на працягу студзеня, лютага і красавіка.

Ва Украіне ва ўмовах каранціну знізілася спажыванне электраэнергіі. З 15 блокаў усіх украінскіх АЭС цяпер працуюць толькі 11. Астатнія — на планавым рамонце або выведзеныя ў рэзэрв, каб забяспечыць эксплуатацыю ўсіх энергаблокаў на намінальным ці блізка да намінальнага ўзроўні.

Адначасова амаль удвая плануецца скараціць вытворчасць электраэнергіі на гідраэлектрастанцыях Украіны і павялічыць уласны экспарт у Польшчу і Малдову.

7 траўня выканаўца абавязкаў міністра энергетыкі Украіны Вольга Буславец правяла анлайн-сустрэчу з міністрам энергетыкі Літвы Жыгімонтасам Вайчунасам. На ёй абмяркоўвалася спажыванне Украінай імпартнай энергіі. Не выключана, што гаворка ішла пра электраэнергію з Беларусі. Літва, якая актыўна выступае супраць Беларускай АЭС, агітуе краіны рэгіёна не купляць беларускую электраэнергію. 
 
6 траўня стала вядома пра завоз ядзернага паліва на БелАЭС. Пасля гэтага Літва накіравала Беларусі чарговую ноту з заклікам не ставіць пад небяспеку сваіх ці чужых грамадзян.

Буславец паведаміла літоўскаму калегу, што ва Украіне склаўся вялікі прафіцыт уласнай электраэнергіі, таму пытанне імпарту з іншых краін неактуальнае. Па яе словах, такая сітуацыя захаваецца на некалькі наступных гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі