Указ аб адраснай падтрымцы выпадкова пазбавіў сельскіх школьнікаў аўтобуса

Мясцовыя ўлады гатовыя нават набыць праязныя білеты для дзяцей, але законам гэта забараняецца Еўрарадыё знайшло яшчэ адну "дзірку" ў прэзідэнцкім указе аб адраснай сацыяльнай падтрымцы. На першы погляд, усё добра: “Дзеці з сельскай мясцовасці, якія навучаюцца ва ўстановах…, змогуць бясплатна ездзіць да месца навучання на аўтамабільным пасажырскім транспарце рэгулярнага міжгароднага паведамлення ў перыяд з 1 верасня па 30 чэрвеня". На самой жа справе, міжгародных маршрутаў праз вёскі праходзіць няшмат. Таму дзеці зараз вымушаны ездзіць на прыгарадных аўтобусах… за поўны кошт. Альбо пешшу крочыць да школы 3-4 кіламетры.

У аддзеле адукацыі Баранавіцкага райвыканкаму Еўрарадыё так шчыра і кажуць: закон аб адраснай сацыяльнай падтрымцы перашкаджае ім нармальна працаваць. Пятнаццаці аўтобусаў і адной “газелі” на 640 школьнікаў не хапае. Да 1 студзеня дамовіліся з аўтапаркамі. Што будзе пасля Новага года - невядома.

Супрацоўніца аддзела адукацыі: Калі ўзяць нашы аўтобусы і размеркаваць маршруты, у нас не атрымоўваецца. Таму што больш за 600 дзяцей. Гэта шмат.

Еўрарадыё: А колькі яшчэ аўтобусаў вам трэба?

Супрацоўніца аддзела адукацыі: Ну, хаця б яшчэ аўтобусаў дзесяць. Учора ў нас быў міністр адукацыі. Тут было паседжанне камісіі нацыянальнай па правах дзіцяці. Былі ўсе абласныя намстаршыні. Мы задавалі пытанні. Па ўсёй рэспубліцы такая ж сітуацыя. Там, дзе яны самі не могуць вырашыць, дзе свой транспарт размеркавалі, там няма пытанняў.

Кожны дзень бацькі разрываюць тэлефон аддзела адукацыі. Атрымліваецца, што пасля Новага года адных будзе падвозіць бясплатны школьны аўтобус, другім прыйдзецца плаціць грошы. Аўтапаркам бясплатна падвозіць дзяцей забараняе Мінтранс, бо гэта парушэнне закону.

Супрацоўніца аддзела адукацыі: Аўтапарк сказаў, што да 1 студзеня будзе вазіць, да вакацыяў. Яны нам, аўтапарк, кожны дзень тэлефануюць і пытаюць: што рабіць будзем? І мы ім тэлефануем. Іх можна зразумець: ім патэлефанаваў Мінтранс і сказаў выконваць закон.

Еўрарадыё: А вы не будзеце пісаць ліст у Міністэрства адукацыі?

Супрацоўніца аддзела адукацыі: Міністэрства ў курсе. Нам кажуць так: “Чаму ўказ прэзідэнта дзейнічае толькі на аўтапарк? Ён жа і на вас дзейнічае. Там жа напісана канкрэтна, што нашых дзяцей можна вазіць толькі на міжгародных маршрутах. І мы ў тупіку. Хаця артыкул 45 Закону “Аб адукацыі” кажа, што мясцовыя бюджэты павінны арганізаваць бясплатны падвоз. Гэта значыць, што два дакументы адзін другому супярэчаць, таму гэта трэба ў “вярхах” вырашаць.

Такі парадокс: мясцовыя ўлады гатовыя нават набыць праязныя білеты для дзяцей, але законам гэта забараняецца. Таму пытанне нават не ў грошах, а ў самім законе.

Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Брэсцкага аблвыканкаму Генадзь Ганчар запэўнівае Еўрарадыё, што мясцовыя ўлады часова арганізавалі падвоз. Але не ўсюды.

Генадзь Ганчар: У нас, у асноўным, па вобласці ўзнікла гэта праблема па баранавіцкім рэгіёне, па Ганцавічах, па Ляхавічах. Чамусьці там да канца мясцовая ўлада не дапрыняла гэта рашэнне. Таму што па грашах шмат выходзіць – некалькі мільёнаў. Але ўказ прэзідэнта будзем выконваць.

У аддзеле адукацыі Гомельскага аблвыканкаму таксама гавораць, што да 1 студзеня будуць самі падвозіць школьнікаў. Яны накіравалі ліст у Міністэрства адукацыі. Спадзяюцца, ім растлумачаць, што далей рабіць.


Фота — photosight.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі