УЕФА аштрафаваў БАТЭ на 5 тысяч еўра за заўзятара з нацыянальным сцягам

УЕФА аштрафаваў БАТЭ на 5 тысяч еўра за заўзятара з нацыянальным сцягам

19 кастрычніка Упраўленне па кантролі, этыцы і дысцыпліне УЕФА аштрафавала барысаўскі футбольны клуб БАТЭ на 5 тысяч еўра. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў дэпартаменце УЕФА па сувязях з прэсай.

Падставай для штрафу стаў выхад заўзятара на футбольнае поле (Field invasion) падчас матча БАТЭ — "Арсенал". Такое дзеянне кваліфікуецца УЕФА як сур'ёзнае парушэнне Дысцыплінарнага рэгламенту.

Беларускаму клубу пагражаў амаль удвая большы штраф — 10 тысяч швейцарскіх франкаў.

Нагадаем, 28 верасня на поле "Барысаў-Арэны" падчас гульні выбег заўзятар Аляксандр Венгерскі з нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам Беларусі ў руках і гістарычным гербам "Пагоня" на світшоце. На радзіме хлопца пакаралі за гэты ўчынак дзесяццю суткамі адміністрацыйнага арышту.

У ізалятары Венгерскі абвясціў галадоўку ў знак салідарнасці з беларускімі палітвязнямі і ў знак пратэсту супраць ілжэсведчанняў міліцыянтаў на судзе.

Больш буйнымі штрафамі УЕФА пакараў сапернікаў БАТЭ па групе ў Лізе Еўропы. "Кёльн" і "Црвена Звезда" таксама аштрафаваныя за непрыстойныя паводзіны балельшчыкаў.

Нямецкі клуб павінен выплаціць 30 тысяч еўра за тое, што на поле падчас матчу патрапілі староннія прадметы, а заўзятары клуба заблакавалі выхады са стадыёна і запалілі фаеры. Таксама клуб папярэджаны за неналежную арганізацыю матча.

У віну "Црвене Звездзе" паставілі фаеры і староннія прадметы на полі. Сербскі клуб аштрафаваны на 15 тысяч еўра.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі