Удзельнікаў акцыі ля КДБ пратрымалі ў міліцыі паўтары гадзіны і адпусцілі

Удзельнікаў акцыі ля КДБ пратрымалі ў міліцыі паўтары гадзіны і адпусцілі

Затрыманых увечары 29 кастрычніка актывістаў, якія ладзілі акцыю ля будынку КДБ у Мінску, адпусцілі. Пра гэта паведаміў БелаПАН сустаршыня “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч, які быў у ліку затрыманых. Па яго словах, актывістаў адпусцілі без складання адміністратыўных пратаколаў.

Апроч Дашкевіча, пасля акцыі затрымалі таксама Паўла Пракаповіча, Наталлю Гарачка-Басалыгу, Уладзіміра Яроменка і Сяргея Пальчэўскага. Іх пратрымалі ў Цэнтральным РУУС каля паўтары гадзіны і адпусцілі. У міліцыі пратаколаў не складалі — іх нібыта аформілі раней, падчас акцыі.

Дашкевіч кажа, што яшчэ да акцыі да аднаго з арганізатараў прыходзіў участковы і папярэджваў пра магчымую адміністратыўную ці нават крымінальную адказнасць. У міліцыі склалі толькі пратаколы агляду і забралі асабістыя рэчы, нават шнуркі, але потым вярнулі пад распіску.

Год таму аналагічная акцыя прайшла без затрыманняў і пратаколаў.

Увечары 29 кастрычніка актывісты апазіцыі прыйшлі да будынка КДБ і сталі каля яго з партрэтамі рэпрэсаваных ў 1930-я гады беларускіх дзеячаў. Акцыя доўжылася каля паўгадзіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі