Удзельніца мінскіх перамоваў ад АБСЕ сышла ў адстаўку

Спецпрадстаўніца старшыні АБСЕ ва Украіне, швейцарскі дыпламат Хайдзі Тальявіні падала ў адстаўку, перадае РБК. Прычыны такога кроку не абвяшчаюцца.

Менавіта Тальявіні прыпісваюць выратаванне перамоваў па Украіне, якія прайшлі сёлета ў лютым у Мінску. Паводле звестак СМІ, Тальявіні змагла паўплываць на дэлегацыі так званых "ДНР" і "ЛНР", бо карыстаецца даверам Уладзіміра Пуціна. Лідэры самаабвешчаных "рэспублік" адмаўляліся падпісваць пагадненне аб перамір'і з украінскай арміяй 13 лютага пасля перамоваў, якія доўжыліся ўсю ноч. Тальявіні правяла дадатковыя кансультацыі з іх удзельнікамі, каб прадухіліць зрыў пагаднення.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, прычынай цяперашняй адстаўкі Тальявіні стала нізкая дамоваздольнасць бакоў, якія ўдзельнічаюць у перамовах па Украіне.

Тальявіні нарадзілася ў швейцарскім Базелі ў 1950 годзе. У 2009 годзе яна кіравала стварэннем справаздачы для Еўрасаюза аб прычынах збройнага канфлікту паміж Расіяй і Грузіяй. Тальявіні прыйшла да высновы, што інцыятарам канфлікту стала Грузія. Гэта дапамагло швейцарскаму дыпламату заваяваць давер цяперашняга кіраўніка Расіі.

Фота — AFP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі