У "Вялікім Камені" паскорана дабудоўваецца лагістычны цэнтр Wildberries

Кірыл Карацееў

Кірыл Карацееў / news.by

У беларускім індустрыяльным парку "Вялікі Камень" паскоранымі тэмпамі дабудоўваецца лагістычны цэнтр расійскага маркетплейса Wildberries. Прычым першыя секцыі комплексу ўжо працуюць.

Пра гэта ў інтэрв'ю на Беларускім тэлебачанні расказаў першы намеснік гендырэктара кампаніі па развіцці індустрыяльнага парку Кірыл Карацееў.

"Да эксплуатацыі першых секцый лагістычнага цэнтра ўжо прыступілі. Будаўніцтва ідзе нават не тое што ў графіку — з апераджальным тэмпам, бо, на жаль, тыя абставіны, якія цяпер складваюцца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, прымушаюць інвестара будаваць хутчэй, максімальна хутка, каб яго цалкам запусціць у эксплуатацыю", — падзяліўся ён падрабязнасцямі.

Паводле Карацеева, з Расіі прыехалі спецыялісты, якія ўдзельнічалі ў пуска-наладцы падобных аб'ектаў. Цяпер яны працуюць з беларускімі работнікамі: адбываецца набор і навучанне персаналу.

Украінскія войскі апошнімі тыднямі атакуюць лагістычныя хабы кампаніі Wildberries у Расіі. Частка буйных складоў цалкам знішчаная ў выніку пажараў пасля атак дронаў. Чарговы ўдар па складзе Wildberries нанесены 5 жніўня ў Тульскай вобласці. Таму кампанія разглядае магчымасць перанесці склады ў іншыя краіны — Беларусь, Казахстан, Узбекістан.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.