У Віцебску да Дня беларускай вайсковай славы вывесілі бел-чырвона-белы сцяг

На праспекце Фрунзэ ў цэнтры Віцебска ўчора ўвечары з'явіўся бел-чырвона-белы сцяг. Ён быў вывешаны на даху чатырохпавярховага студэнцкага інтэрната, насупраць якога размяшчаецца галоўны корпус медыцынскага універсітэта. Мясцовы апазіцыянер Барыс Хамайда, спасылаючыся на крыніцу, вартую даверу, сцвярджае, што да палотнішча была прымацавана запіска: "Віншуем са святам беларускай вайсковай славы! Мы абавязкова пераможам, як нашыя гераічныя продкі пад Оршай.

Таму што з намі ўсепераможная крывіцкая "Пагоня", і ў руках мы моцна трымаем бел-чырвона-белы сцяг. Жыве Беларусь! Жыве вечна! Мірон".

Нагадаем, 8 верасня ў Беларусі неафіцыйна адзначаецца Дзень беларускай вайсковай славы. У гэты дзень у 1514 годзе пад Оршай каля рэчкі Крапівенка 30-тысячнае войска Вялікага княства Літоўскага пад камандаваннем гетмана Канстанціна Астрожскага разграміла армію Маскоўскага княства, якая ў тры разы пераўзыходзіла войска ВКЛ.


БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі