Дзве версіі пра вайскоўца, расстралянага расіянамі пасля слоў "Слава Украіне!"

Цімафей Шадура / калаж telegraf.com.ua
Цімафей Шадура / калаж telegraf.com.ua

Украінскі вайсковец, расстраляны расіянамі пасля воклічу "Слава Украіне!", — гэта Цімафей Шадура з 30-й асобнай механізаванай брыгады імя князя Канстанціна Астрожскага.

Мужчына лічыцца зніклым без вестак з 3 лютага пасля баявых дзеянняў у раёне Бахмута, паведамляе hromadske.ua.

Цяпер цела вайскоўца застаецца на часова акупаванай тэрыторыі. Канчатковае пацверджанне яго асобы адбудзецца пасля вяртання цела і правядзення адпаведных экспертыз.

Відэа з расстрэлам украінскага вайскоўца з'явілася ў інтэрнэце 6 сакавіка. На ім было бачна, як мужчына ў форме ўкраінскага войска кажа: "Слава Украіне!". Пасля гэтага яго адразу расстрэльваюць.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паабяцаў, што Украіна знойдзе забойцаў.

Украінскі журналіст Юрый Бутусаў мае сваю версію наконт загінулага вайскоўца. Паводле яе, гэта Аляксандр Ігаравіч Марцыеўскі з 119-й брыгады ТРА. Гэта пацвердзілі абаронцы 163-га батальёна і маці загінулага, якую байцы адведалі ў горадзе Нежын. 

Таксама Бутусаў прыводзіць шэраг уласных доказаў на карысць сваёй версіі.

На відэа і фота можна заўважыць налеплены пластыр над правым брывом. Па словах Бутусава, баец атрымаў гэты ўдар за два тыдні да гібелі, што бачна на фота, зробленае пры жыцці Марцыеўскага. Таксама ён звяртае ўвагу на зялёны шаўрон, які падарыў Марцыеўскаму камандзір узвода.

Пахавалі Марцыеўскага 14 лютага ў Нежыне. Судмедэкспертыза, па словах Бутусава, паказала, што кулявыя адтуліны — у тых месцах, куды на відэа ў байца траплялі кулі.

Пры гэтым Бутусаў падкрэсліў, што трэба чакаць афіцыйнага апублікавання інфармацыі з афіцыйных крыніц.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі