У Свіслачы пад Мінскам адбыўся масавы мор рыбы

У Свіслачы пад Мінскам адбыўся масавы мор рыбы

На рацэ Свіслач каля вёскі Новы Двор у Мінскім раёне адбылося масавае атручэнне рыбы. Пра гэта журналістам партала tut.by паведаміў чытач Сяргей Ігнатовіч

24 чэрвеня мужчына прыехаў на раку рыбачыць. І пабачыў, як у рацэ плыве дохлая рыба. "Рыба ўсякая: карп і шчупак, па кілаграмы два і тры, дробязь — проста прыбітыя да берага. І чайка дохлая побач, якая быццам ела гэтую рыбу", — распавядае відавочца.

Мясцовыя жыхары ўдакладнілі, што атручэнне пачалося за два-тры дні да таго, калі з боку Мінска пачало прыносіць рыбу.

Выявілася, што яшчэ ў пятніцу, 22 чэрвеня, на месца выязджалі супрацоўнікі Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету і прадстаўнікі Мінпрыроды. Яны сабралі каля 2700 асобінаў дохлай рыбы. Таксама спецыялісты ўзялі пробы вады ў раёне сталічнай вуліцы Свіслацкай, каля вёсак Новы Двор і Каралішчавічы, кажа афіцыйная прадстаўніца Дзяржінспекцыі Вольга Грамовіч.

Далейшую праверку па факце масавага атручвання рыбы праводзяць супрацоўнікі Мінскага РУУС. Таксама праваахоўнікі высвятляюць крыніцу забруджвання.

Дарэчы, масавы мор рыбы на гэтым участку быў зафіксаваны і ў 2015 годзе. Тады прычынай сталі скіды з ачышчальных збудаванняў "Мінскводаканала". Прадпрыемства аштрафавалі на 52 мільёны недэнамінаваных рублёў. Таксама яно мусіла кампенсаваць прычыненую прыродзе шкоду — амаль 98 мільёнаў недэнамінаваных рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі