Вы тут

У судзе вызвалены былы міліцыянер Кулакоўскі, але затрымалі яго жонку і дачку

Дзмітрый Кулакоўскі / spring96.org

22 студзеня вынесены прысуд былому начальніку аддзела крымінальнага вышуку Заводскага раёна Мінска Дзмітрыю Кулакоўскаму. Яго прызналі вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і асудзілі на два гады "хіміі", паведамляе TUT.by. Кулакоўскі быў вызвалены ў зале суда. Паводле яго слоў, ён збіраецца падаваць апеляцыю.

Пасля стала вядома, што каля суда затрымалі жонку Дзмітрыя Кулакоўскага Юлію і 15-гадовую дачку. Нібыта, за два белыя і адзін чырвона-чорны шарыкі. Іх завезлі ў міліцыю.

Кулакоўскаму 37 гадоў. Ён звольніўся з міліцыі 18 жніўня 2020-га — не мог больш працаваць пасля таго, што здарылася пасля прэзідэнцкіх выбараў. Ён лічыць, што яго вырашылі дэманстрацыйна "правучыць". 27 сутак ён правёў за кратамі, з іх 25 — у карцары. У той час на Акрэсціна быў Зміцер Дашкевіч, які пасля вызвалення расказаў пра Кулакоўскага (на другім відэа).

Пасля распачалі крымінальную справу — нібыта Дзмітрый Кулакоўскі абразіў у інтэрнэце нейкага аператыўніка Смоляра. Але ён нават не ведае гэтага чалавека. У снежні ён спрабаваў выехаць за мяжу, але быў затрыманы. Кулакоўскі не прызнаў сваю віну і заявіў пра сфабрыкаваную крымінальную справу. Тым не менш, яго асудзілі.

У снежні 2020-га Дзмітрый Кулакоўскі быў прызнаны палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.