Вы тут

У справе гучнага затрымання ва Украіне згадваюцца аўтамабілі МАЗ

Алег Гладкоўскі / УНІАН

У справе гучнага затрымання ва Украіне згадваюцца аўтамабілі МАЗ. Кіраўніка карпарацыі "Багдан", былога намесніка Рады нацыянальнай бяспекі і абароны, сябра экс-прэзідэнта Пятра Парашэнкі Алега Гладкоўскага (Свінарчука) затрымалі 17 кастрычніка пры спробе выехаць за мяжу. За кратамі ён аб'явіў галадоўку, паколькі лічыць затрыманне незаконным.

Алег Гладкоўскі і яго сын Ігар — удзельнікі карупцыйных схем у абарончым комплексе Украіны. Пра гэта сцвярджаецца ў адным з журналісцкіх расследаванняў, апублікаваных яшчэ ў лютым 2019-га. Генпракурор Руслан Рабашапка напярэдадні пацвердзіў, што "інфармацыя, якая была раскрытая журналістамі, выкарыстоўваецца падчас дасудовага расследавання".

Пра тое, што затрыманне Гладкоўскага звязана не з карупцыйнымі схемамі ва "Украбаронпраме", а з набыццём аўтамабіляў беларускага прадпрыемства, заявіў сустаршыня дэпутацкай фракцыі "Еўрапейская салідарнасць" Артур Герасімаў. Пра гэта ж напісаў і журналіст Сяргей Лешчанка. Паводле яго інфармацыі, МАЗы набываліся без правядзення тэндара для патрэб абарончай сферы, а насамрэч іх перабрэндзіравалі на аўтамабілі "Багдан".

Генпракурор Рабашапка пакуль не стаў падрабязна расказваць пра сутнасць справы Гладкоўскага. Ён згадаў толькі "парушэнне антыкарупцыйнага заканадаўства", "непраўдзівае дэклараванне" і "парушэнне заканадаўства падчас здзяйснення тэндарных закупак і выкарыстанне службовага становішча для таго, каб неправамерна ўплываць на вынікі гэтых тэндарных закупак".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.