Вы тут

У Швецыі адкрылі справу супраць заснавальніка WikiLeaks Джуліяна Асанжа

Reuters

У Швецыі адкрылі справу супраць заснавальніка WikiLeaks Джуліяна Асанжа. Яго падазраюць у злачынствах на сексуальнай глебе, інфармуе "Бі-Бі-Сі". Дзве жанчыны ў Швецыі абвінавацілі Асанжа ў згвалтаванні яшчэ ў 2010 годзе. Следства прыпынялася, пасля зноў распачыналася. Сам Джуліян Асанж з 2012 года знаходзіўся ў амбасадзе Эквадора ў Лондане, паколькі брытанскі суд санкцыянаваў яго арышт па справе аб выдачы ў Швецыю. Паліцыя яго затрымала 11 красавіка сёлета пасля таго, як Эквадор адмовіў яму ў прытулку.

Намеснік галоўнага акруговага пракурора Швецыі Ева-Марыя Персан заявіла, што "існуюць сур'ёзныя падставы падазраваць віну Асанжа". Раней расследаванне прыпынілася з-за немагчымасці прысутнасці абвінавачанага ў судзе, а не з-за абставін справы.

Тым часам Асанж адбывае ў брытанскай турме 50 тыдняў зняволення за парушэнне ўмоваў вызвалення пад заклад. Яму яшчэ пагражае і экстрадыцыя ў ЗША (на заснаваным у 2006-м сайце WikiLeaks публікаваліся тысячы амерыканскіх сакрэтных дакумэнтаў). Ці будзе патрабаваць экстрадыцыі і Швецыя, пакуль невядома.

Намеснік галоўнага акруговага пракурора Швецыі Ева-Марыя Персан / Reuters