Вы тут

У Расіі таксама знайшлі "лялькаводаў" пратэстаў

На пратэстах у Расіі 23 студзеня​ / "Новая газета"

Міністэрства замежных спраў Расіі раскрытыкавала амбасаду ЗША ў Маскве. Падставай стала тое, што дыпламаты нібыта маглі "інструктаваць" пратэстоўцаў 23 студзеня.

"Амбасада ЗША зноў падрабязна "інфармуе" на сваім сайце, дзе і калі вызначаюцца масавыя несанкцыянаваныя мерапрыемствы. Гэтак вычарпальныя дадзеныя выходзяць за рамкі "клопату" аб уласных грамадзянах у Расіі", — заявілі ў расійскім МЗС.

Публікацыя, за якую крытыкуюць расейскіх дыпламатаў — рэкамендацыя пазбягаць канкрэтных месцаў, дзе планаваліся масавыя акцыі ў падтрымку Аляксея Навальнага. Падобныя паведамленні з боку дыпмісій — нармальная практыка.

Расійскі МЗС на гэтым не спыніўся. Там заявілі, што дзеянні амбасады супадаюць з "правакацыйнымі дактрынальнымі ўстаноўкамі Вашынгтона ў стымуляванні пратэстаў у краінах з непажаданымі ім урадамі". Спробы ж асвятлення акцый МЗС РФ абяцаў разглядаць як спробы ўмяшання ва ўнутраныя справы краіны.

Пошук замежных "лялькаводаў" пратэстаў-папулярная ў частцы постсавецкіх краін практыка дзеянняў з боку ўладаў. Так, у Беларусі вясной і летам улады намякалі на тое, што акцыямі пратэсту кіруюць з Расіі, казаў пра гэта і Аляксандр Лукашэнка. Праўда, адразу пасля выбараў "лялькаводы" чамусьці памяняліся: цяпер ва ўсім вінаватыя тыя ж ЗША, а таксама Літва, Польшча і Чэхія.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.