Вы тут

У Расіі ФБК Навальнага прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй

Супрацоўнік ЖКГ зафарбоўвае мурал з выявай Аляксея Навальнага ў Санкт-Пецярбургу / Reuters

Праекты расійскага апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага — Фонд барацьбы з карупцыяй, Фонд абароны правоў грамадзян і "Штабы Навальнага" — прызнаныя ў Расіі экстрэмісцкімі арганізацыямі. Такую пастанову напярэдадні прыняў Маскоўскі гарадскі суд, паведамляе "Новая газета".

"Пастановай суда ліквідаваныя некамерцыйныя арганізацыі ФБК і ФЗПГ, забароненая дзейнасць грамадскага руху "Штабы Навальнага", — заявілі выданню ў судзе

Там таксама ўдакладнілі, што рашэнне аб спыненні дзейнасці падлягае неадкладнаму выкананню.

Пасяджэнні па справе праходзілі ў закрытым фармаце. Засакрэчанымі засталіся і матэрыялы пазову да ФБК. Вядома толькі, што пракуратура спрабавала ў якасці доказаў далучыць да справы пустыя лісты. Юрысты Навальнага выявілі іх у адным з несакрэтных тамоў. Гаворка ішла аб 8 васьмі чыстых лістах, на якіх стаяў толькі парадкавы нумар.

Навальны, які ў цяперашні час адбывае пакаранне ў калоніі, ужо пракаментаваў рашэнне суда.

"Мы не назва, не паперка і не офіс. Мы — група людзей, якія аб'ядноўваюць і арганізуюць тых грамадзян Расіі, хто супраць карупцыі, за сумленныя суды і роўнасць усіх перад законам.  Такіх — мільёны. Вы — такія. Пакуль вы ёсць, і мы нікуды не падзенемся", — напісаў палітык у сваім Інстаграмм.

ФБК Навальнага займаўся расследаваннем выпадкаў карупцыі ў Расіі. З 2013 года было выпушчана каля 80 работ. Адна з апошніх — фільм "Палац Пуціна. Гісторыя самага вялікага хабара" аб меркаванай рэзідэнцыі расійскага прэзідэнта каля Геленджыка. Фільм паглядзелі больш за 117 мільёнаў чалавек.

Самога Навальнага ў мінулым годзе спрабавалі атруціць. Яму стала вельмі дрэнна ў самалёце Масква-Томск, палітык упаў у кому. Яго перавезлі ў Берлін, дзе пасля атрымання вынікаў абследавання нямецкія ўлады заявілі, што Навальны быў атручаны нервова-паралітычным рэчывам з групы "Навічок".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.