У Мінску згадалі кампазітара і спевака Чэслава Немена

Вечарына памяці кампазітара і спевака Чэслава Немена прайшла 14 лютага ў мінскім Палацы мастацтва.
Мерапрыемства, у якім узялі ўдзел беларускія гурты Fratres, "Князь Мышкін", "Сонечны Сахалін", "Рацыянальная дыета", быў арганізаваны музычнай і мастацкай грамадскасцю Мінска на чале з кіраўніком гурту "Махнёры культуры" Дзмітрыем Юркевічам.

Чэслаў Немен (Чэслаў Відржыцкі) нарадзіўся 16 лютага 1939 года ў вёсцы Старыя Васілішкі (цяпер Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці). У 1958 годзе сям'я Відржыцкіх пераехала ў Гданьск. У 1962-м Чэслаў стаў удзельнікам ансамбля Niebiesko-Czarni, дзе быў вакалістам і аўтарам песень, а ў 1969-м стварыў манументальны альбом Niemen Enigmatic, у якім выкарыстаў вершы польскага паэта Кіпрыяна Норвіда.

У пачатку 70-х каманда артыста стала называцца проста Niemen. Новы калектыў шмат гастраляваў, у тым ліку за межамі Польшчы, а таксама стаў удзельнікам цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў у Мюнхене. У 1974-м музыкант сабраў чарговы ансамбль — Aerolit, з якім выпусціў джаз-рокавы альбом. 17 студзеня 2004 года Чэслаў Немен памёр ад раку.

Паводле слоў Юркевіча, яго здзіўляе, што сучасная беларуская моладзь не ведае гэтага музыканта. А мастацтвазнаўца Яўген Шунейка перакананы, што "Немен пачаў новую эпоху ў музычнай культуры Усходняй Еўропы. Я ж яму ўдзячны за тыя хвіліны радасці, якія ён падарыў мне сваім голасам. Дзякуючы яму мне было не так сумна жыць у Савецкім Саюзе".

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі