У Мінску затрымалі махляра, які падманваў кіроўцаў таксовак

У Мінску затрымалі махляра, які падманваў кіроўцаў таксовак

У Мінску затрымалі махляра, які падманваў кіроўцаў таксовак. Мужчына тэлефанаваў у службу таксі і распавядаў, што знаходзіцца ў “Нацыянальным аэрапорце Мінск-2” і праз гадзіну ў яго вылет, а неабходныя дакументы ён пакінуў у Мінску. Для званкоў зламыснік карыстаўся тэлефонамі выпадковых мінакоў.

Аператар службы таксі наўпрост звязваўся з кіроўцам, які выконвае замову. Мужчына прасіў кіроўцаў пад’ехаць на пэўны адрас, забраць дакументы і перадаць чалавеку 600 тысяч рублёў, якія потым абяцаў вярнуць і кампенсаваць усе выдаткі.

Кіроўцы перадавалі грошы, як пазней высветлілася, проста ў рукі гэтаму махляру. Яны перадавалі грошы і дакументы, а затым прыязджалі ў аэрапорт. Але там іх ніхто не чакаў, а па тэлефоне, з якога паступіў выклік, адказвалі, што таксоўку не замаўлялі.  

Адзін з таксістаў па дарозе ў аэрапорт не ўтрымаўся і паглядзеў, што за дакументы знаходзяцца ў канверце і знайшоў толькі кавалак газеты. Па радыёстанцыі ён пачуў, што такая самая замова паступіла іншаму кіроўцу. Ён звярнуўся ў міліцыю.

Праваахоўнікі выехалі па адрасе, дзе зламыснік чакаў сваіх ахвяраў і затрымалі яго. Цяпер махляру пагражае да трох гадоў зняволення. Раней ён меў судзімасць за аналагічнае злачынства. Міліцыя таксама шукае іншых людзей, якія маглі пацярпець ад яго дзеянняў, перадае прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі