Вы тут

У Мінску вызначылі "чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасці" 2018 года

Так выглядае прэмія "Чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасці"

10 студзеня Асамблея НДА дзясяты раз адзначыла выбітных людзей і падзеі года. 

Прэмія "Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці" ўручалася як у старых, так і ў новых намінацыях. 

Намінацыю ​ “Грамадскі лідар года” ​ атрымаў заснавальнік “Арт Сядзібы” Павел Белавус. Такім чынам была адзначаная яго роля ў святкаванні 100-годдзя БНР, акцыі #добрыясловы і "Брукаванка памяці" ў Курапатах. А сама кампанія “БНР-100” была ўзнагароджаная як​ “Кампанія года”. 

Выбітной новай ініцыятывай прызналі універсітэт імя Ніла Гілевіча, заснаваны "Таварыствам беларускай мовы". 

Сярод рэгіянальных камапаніяў была адзначаная ініцыятыва "Брэст супраць свінцу" — кампанія супраць акумулятарнага завода ў Брэсце. Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць шкоднага будаўніцтва і штонядзелю выходзілі пратэставаць на цэнтральную плошчу горада. У Адміністрацыю прэзідэнта было даслана больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку брэсцкіх чыноўнікаў.

Званне​ “Крэатыў года” атрымала бацькоўская ініцыятыва “Дзеткі-кветкі”. Бацькі правялі маніторынг 106 дзіцячых садкоў у Мінску і праверылі, як супрацоўнікі валодаюць беларускай мовай.

Новай намінацыяй у прэміі стала​ “Талака года”​. Уручаць яе мяркуецца за ўцягванне ў грамадскі рух вялікай колькасці людзей праз краўдфандынг, акцыі, валанцёрства ды інш. Прэмію ў гэтай катэгорыі атрымала платформа “Талака”, якая ў 2018 годзе сабрала 1 мільён рублёў на грамадскія праекты.

Узнагароду ​ “Медыяактыўнасць года” ​атрымаў Вінцук Вячорка за праграму “Мова пра мову” на Радыё "Свабода". 

Прэмія "Партнёрства года" дасталася праваабарончым арганізацыям, якія аб’ядналіся і падрыхтавалі альтэрнатыўны даклад для Камітэта правоў чалавека ААН. 

Журналістам года была прызнаная супрацоўніца інфармагенцтва БелаПАН Таццяна Каравянкова

А “Гарбуз года”​ быў уручаны дзяржаўнаму інфармагенцтву БелТА. Як вядома, па заяве гэтага інфармагенцтва былі затрыманыя 14 журналістаў і журналістак недзяржаўных медыя і абвінавачаныя ў “несанкцыянаваным доступ да інфармацыі”.